“Беларускай мове ў беларускім войску пагражае недасьведчанасьць старшыні
Таварыства Беларускае Мовы Алега Трусава”, – гэтак лічыць міністар абароны
краіны генэрал-палкоўнік Аляксандар Чумакоў.
Гэтае меркаваньне міністар абароны генэрал-палкоўнік Чумакоў выклаў
у лісьце на імя старшыні ТБМ Алега Трусава. Ліст напісаны міністрам у адказ
на заяву сакратарыяту ТБМ пра дыскрымінацыю беларускае мовы ў войску.
У гэтай заяве ТБМ зьвяртаў увагу ўраду краіны й грамадзкасьці на тое,
што ўся вайсковая падрыхтоўка й выхаваўчая праца ў войску незалежнае дзяржавы
вядзецца на мове суседняе краіны. Што ёсьць ня проста абсурдам паводле
вызначэньня, але й наўпроставай небясьпекаю нацыянальным інтарэсам беларусаў.
Таму ў сваёй заяве ТБМ патрабуе ад ураду стварыць у кожнай вайсковай
частцы беларускамоўныя баталёны, перакласьці на беларускую мову ўсе вайсковыя
статуты, усе ўрачыстасьці з нагоды прысягі навабранцаў на вернасьць радзіме
праводзіць на мове тытульнае нацыі краіны, узнавіць курсы роднае мовы для
афіцэраў, надаць вайсковай газэце “Во славу Родины” дзьвюхмоўны статус.
У адказ на першае патрабаваньне міністар абароны піша:
“Можна было б і беларускамоўны баталён стварыць для экспэрымэнту, калі
ў дзяржаве грошай няма куды дзяваць”.
На ўсе беларусізацыйныя прапановы высокапастаўленыя чыноўнікі выстаўляюць
адзін і той жа контараргумэнт – фінансавы. Як і ў выпадку са стварэньнем
нацыянальнага ўнівэрсытэту, захаваньнем беларускіх школаў, выданьнем твораў
беларускіх клясыкаў, вяртаньнем аўтэнтычнае тапанімікі. Лёгіка ў чыноўнікаў
тут дзіўная: нібыта толькі беларускія справы робяцца за грошы, а вось за
расейскія ў Беларусі плаціць ня трэба.
Што ж тычна астатніх патрабаваньняў ТБМ у беларусізацыі войска, дык
Аляксандар Чумакоў сьцьвярджае, што ўсе яны выкананыя ўжо даўно, а “Вы,
спадар Трусаў, цягнеце нас зноў у 1992 год. Я думаю, гэта неразумна”.
Гэты пасаж міністра абароны мы папрасілі пракамэнтаваць старшыню ТБМ
Алега Трусава…
(Трусаў: ) “Я адзінае магу, што са спадаром міністрам пагадзіцца, што
яшчэ грэкі казалі, што двойчы ў адну і тую ж раку нельга ўвайсці, і я хачу
яго не ў 92 год цягнуць, а ў 2001. Каб у 2001 годзе беларускае войска было
менавіта беларускім, а не няведама якім. Таму што адна з прыкмет войска,
акрамя нацыянальнай формы, гэта мова і мы хочам, каб праз 10 год – а ў
2002 годзе беларускаму войску роўна 10 год – каб гэтае войска было менавіта
беларускім, і там гучала беларуская мова ад радавога да міністра абароны”.
У справе хутчэйшае рэалізацыі сваіх патрабаваньняў ТБМ гатовае да супрацоўніцтва
зь Міністэрствам абароны. Алег Трусаў працягвае…
(Трусаў: ) “Мы згодныя перакласьці ў бліжэйшы час за лета гэтыя статуты,
каб спадар міністр надрукаваў іх. Мы знойдзем перакладчыкаў, якія на грамадзкіх
пачатках зробяць гэтую работу і да верасня які-небудзь са статутаў, найбольш
пашыраны, мы перакладзем і будзем далей гэтым займацца.”
Старшыня ТБМ Алег Трусаў таксама зьвяртае ўвагу прызыўнікоў на тое,
што ў войску ёсьць беларускі тэкст прысягі, і заклікае навабранцаў прысягаць
на вернасьць Радзіме на роднай мове.
Валянціна Аксак, Менск
Самае папулярнае
1