Прыпыненьне сяброўства Лібэральна-Дэмакратычнае партыі Беларусі ў Кансультацыйнай
радзе апазыцыйных палітычных партыяў не паўплывала на паводзіны астатніх
партыяў. Сёньня яны прынялі да ведама гэтае рашэньне лібэрал-дэмакратаў.
На сёньняшнім паседжаньні Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных
партыяў намесьнік старшыні Лiбэральна-Дэмакратычнае партыі спадар Маркевіч
перадаў заяву, згодна зь якой ЛДП прыпыняе сваё сяброўства ў радзе. У заяве
сьцьвярджаецца, што дзеяньнi некаторых палiтычных партыяў прыводзяць да
таго, што пазыцыя Кансультацыйнае рады становiцца незразумелай электарату
ЛДП. У сувязi з гэтым партыя пакiдае за сабою права самастойна прымаць
рашэньнi й даводзiць да выбаршчыкаў сваю пазыцыю.
Усе 8 іншых партыяў, што ўваходзяць у Кансультацыйную раду, успрынялі
гэтае рашэньне даволі спакойна. Спадару Маркевічу нават не задалі аніводнага
пытаньня. Заяву прынялі да ведама, а гэта азначае, што лібэрал-дэмакраты
надалей пазбаўленыя права ўдзельнічаць у абмеркаваньні пытаньняў і галасаваньні.
Адзіная праблема паўстала ў зьвязку з просьбаю Лібэральна-Дэмакратычнае
партыі захаваць за ёю статус назіральніка. Як высьветлілася, гэтае пытаньне
проста не ўрэгуляванае ў Палажэньні пра Каардынацыйную раду. Але, паводле
агульнага настрою, такі дазвол ЛДП, хутчэй за ўсё, атрымае.
А вось як камэнтуе дзеяньні партыі Сяргея Гайдукевіча ўдзельнік сёньняшняга
паседжаньня, намесьнік старшыні Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі
“Народная Грамада” Уладзімер Нісьцюк…
(Нісьцюк: ) “Я скажу, што гэта – нармальная зьява. Вельмі цяжка стваралася
Кансультацыйная Рада апазыцыйных палітычных партыяў, бо да яго далучыліся
ня вельмі моцныя апазыцыянеры. Першым крокам быў сыход “Яблыка”. Гэта было
ўсім зразумела. Зараз сышлі лібэрал-дэмакраты. Гэта таксама зразумела.
Нічога не адбылося. Кансультацыйны савет працуе, у яго ёсьць прававая падстава
– гэта дэклярацыя Стамбульская і дэклярацыя Санкт-Пецярбурская. Ёсьць адзіная
мэта ўсіх, ад камуністаў да Беларускага Народнага Фронту – зрабіць так,
каб у дзяржаве можна было правесьці дэмакратычныя выбары, прадэманстраваць
і свайму народу, і ўсяму сьвету, хто чаго каштуе”.
Гэта быў Уладзімер Нісьцюк.
У парадак дня сёньняшняга паседжаньня ўваходзіла таксама пытаньне пра
магчымасьць выступу палітычнай апазыцыі на Беларускай тэлевізіі. Нагадаем,
што на папярэднім паседжаньні Кансультацыйная рада дала паўнамоцтвы свайму
сябру Аляксею Каралю і экспэрту ў пытаньнях мас-мэдыяў Юрыю Тапарашаву
правесьці адпаведныя перамовы з кіраўніцтвам дзяржаўнае тэлерадыёкампаніі.
Апазыцыя патрабавала эфірны час, паколькі у матэрыялах з гэтак званага
“шырокага дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў” былі значана скажоныя ейныя
погляды.
На першы зварот кіраўнік тэлерадыёкампаніі Рыгор Кісель даў пісьмовае
даручэньне вядучаму суботняе праграмы “Панарама” Юрыю Казіятку прадаставіць
у ягонай праграме слова апазыцыі ў памеры… аднае з паловаю хвіліны.
Ад гэтакае ласкі апазыцыя адмовілася. Яна настойвае на значным павелічэньні
эфірнага часу.
Уладзімер Глод, Менск
Самае папулярнае
1