Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каўбаснае радыё


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
Беларускія FM-станцыі апанавалі мясакамбінаты. Паспрабуйце пакруціць рэгулятар: уражаньне – кулінарнае. Са скуры вылузаюцца ў спаборніцтве за страўнікі слухачоў: хто спрытнейшым вершыкам заахвоціць закусіць сваёй шынкай! Подбегам за мясакамбінатамі вытворцы мукі, маянэзу ды іншай ежы. Папросту харчовы склад, а не рэспубліка!

І краіна ў нас таямнічая, як нейкая Ляпляндыя, толькі якаясь «чыгрынная».
Беларусы, мы жывём «в нашей маленькой северной лесной стране»! Пачуў гэта днямі па сваім «Грундзігу». Паведаміла «навіну» вядоўца новай гарадзенскай радыёстанцыі, другой па ліку ў горадзе. Ня дай Божа, трэцюю займець…

«Grundig» з настальгічнай назвай «Music Boy-70» мне падараваў толькі што польскі прыяцель. Уключаць радыё ў Варшаве – адно задавальненьне. Мне асабліва спадабалася чаго раней ня чуў – «Chilly Zet». Мяккая, прыемная, сучасная музыка. Культурная мова, расповед. Зрэшты, слова «інтэлігентны» палякі таксама ўжываюць. На жаль, перавезьці прымач разам з варшаўскімі FM-станцыямі немагчыма. Дома я міжволі напружыўся: пакой напоўнілі Сярогі, Каляны ды іншыя вядучыя, якія спаборнічалі ў гутаркова-сызранскім стылі. Ледзь якая прымаўка, абавязкова чулася: «Как русские люди говорят…» Чаму рускія? Я ж не ў Расею заруліў?!

Што да лічбы станцый, у сталіцы іх прыблізна як у палякаў, абласныя гарады імі таксама «ахоплены». Новая ж гарадзенская, яна — такая самая, як старая, нават голас аднолькавы. Крыху музыка іншая, праўда, больш року. Аднак час ад часу радыёголас з націскам паўтарае: «Рок по-русски». За тыдзень я пачуў нават па адной польскай і ўкраінскай, але ніводнай беларускай песьні. Пытаньне: навошта мне слухаць такую станцыю? Але іншых няма. Хоць аддавай назад «Грундзіг».

Чаму ўсё ж няма беларускіх песень? Таму што рок застаецца «музыкай свабодных людзей». А расейскі, як ні круці, ён – закардонны. Досыць выкрэсьліць толькі сёе-тое, перш «Перемен, мы ждем перемен!» Рок-музыка калісьці ўскосна паспрыяла, каб зьніклі КПСС і СССР. Такія рэчы не паўтараюцца, але начальству ўсё роўна непрыемна ўявіць такое яшчэ раз адносна сябе. Таму слухайце «рок по-русски»…

FM-станцыі, якія ў нашых прымачах, – клоны адной – Правінцыі. Радыёстанцыі бязь зьместу. Калі раптам скажуць курс валютаў, то лічыце, вам пашанцавала.

Гарадзенцам вядомае Радыё Беласток, дзе ёсьць і навіны, і літаратура, перадачы на самыя разнайстайныя тэмы. Цікава слухаць. А на нашых слухаць няма чаго, толькі песьні «па заяўках працоўных».

Што да навін, дык адзін маладзён, які трапіў на наша мясцовае радыё, мне апавядаў некалі, што сытуацыя як у арміі, дзе найбольш правоў маюць «дзяды»: браць нататкі з абласных газэт дазволена толькі «стараслужачым». У выніку нічога адметнага пачуць у такіх выпусках вам ня ўдасца. Хіба запомнілася, як вядоўца абласнога радыё аднойчы пляснуў, што рака Нёман працякае па тэрыторыі «чатырох краін». Як ні мучыўся, чацьвёртую я так і не ўзгадаў.

Вядома таксама, што ў Беластоку існуе нават беларускае Радыё Рацыя, а дзьве гарадзенскія станцыі вяшчаюць па-расейску. Праўда, на Радыё Гродна мне сказалі, што ранкам па радыёкропцы можна пачуць нешта й на беларускай. Мабыць для вясковых дзядоў. Бо хто ў горадзе сёньня слухае радыёкропку? Толькі FM!

Чаму ж такія станцыі пладзяцца «спакладаныя»? Таму што першая галоўная ўмова: ніякага нават прысмаку палітыкі. Хто за «Аўтарадыё» хоча наступным? Няма такіх? Дык давайце мясакамбінацкія вершыкі, хлопцы! Апэтыт паляпшайце насельніцтва!

Мой «Грундзіг» такі зграбны, а Сярогі ў радыё такія назальлівыя, адно спадзяваньне «на ФРГ», як у таго Высоцкага ў песьні: «У яго прыёмнік «Грундзіг», ловіць контра ФРГ!» У ім якраз і кароткія хвалі таксама ёсьць, што сёньня рэдкасьць. Можна «Свабоду» слухаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG