Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лібэрману пацьверджана абвінавачваньне


Авігдор Лібэрман

Пракуратура Ізраілю пачала паўторнае расьследаваньне справы былога міністра замежных справаў Авігдора Лібэрмана адносна незаконнага прадстаўленьня яму сакрэтных дакумэнтаў былым амбасадарам Ізраілю ў Беларусі.

У сярэдзіне сьнежня зь Лібэрмана былі зьнятыя абвінавачваньні ў адмываньні грошай і іншых злачынствах, расьследаваньне якіх цягнулася больш як 10 гадоў. Аднак пацьверджана абвінавачваньне ў тым, што былы амбасадар Ізраілю Зэев Бэн-Ар'е незаконна паказаў Лібэрману ў часе ягонага візыту ў Менск матэрыялы сьледзтва ў справе адмываньня Лібэрманам грошай. Акрамя таго, у абвінавачваньні сьцьвярджалася, што Лібэрман схаваў гэты факт, дамагаючыся новага прызначэньня Бен-Ар'е.

У сярэдзіне сьнежня Лібэрман адрынуў абвінавачваньні, але падаў у адстаўку з пасады віцэ-прэм'ера і міністра замежных спраў, патлумачыўшы гэта жаданьнем засяродзіцца на сваёй абароне ў судзе. Аглядальнікі называлі і яшчэ адну прычыну: дапамагчы партыі «Наш дом – Ізраіль», якую ён узначальвае, атрымаць перамогу на выбарах, прызначаных на 22 студзеня. Аднак цяпер, калі пацьверджана абвінавачваньне ў справе Бэн-Ар'е, малаверагодна, што Лібэрман, нават у выпадку перамогі яго партыі, зойме ключавую міністэрскую пасаду.

У нядзелю пракурор заявіў, што новыя допыты пэўных асобаў паставілі пад сумнеў словы Лібэрмана, што ён нібыта не актыўна дамагаўся прызначэньня Бэн-Ар'е, і гэта можа прывесьці да больш сур'ёзных абвінавачваньняў, чым былі выстаўленыя раней.

Зэев Бэн-Ар'е супрацоўнічаў са сьледзтвам, быў прызнаны вінаватым і асуджаны да чатырох месяцаў папраўчых працаў.
XS
SM
MD
LG