Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клінтан у кожным выступе ўзгадвае пра Беларусь


Выступаючы на пасяджэньні АБСЭ, дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан зноў выказала заклапочанасьць рэпрэсіямі ў Беларусі.

«У Беларусі ўрад працягвае сыстэматычныя рэпрэсіі ў галіне правоў чалавека, утрымлівае палітзьняволеных і запалохвае журналістаў», — зазначыла Гілары Клінтан, гаворачы пра абмежаваньне грамадзянскіх свабод у краінах былога СССР. Скрытыкавала яна і расейскае заканадаўства, якое прымушае НДА і СМІ рэгістравацца як замежныя агенты, калі яны атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы.

29 лістапада, выступаючы ў інстытуце Брукінгса з прамовай, прысьвечанай дачыненьням Амэрыкі і Эўропы, дзяржсакратар ЗША заклікала да вызваленьня беларускіх палітвязьняў і падтрымкі «тых адважных актывістаў, якія адстойваюць правы народу Беларусі».

Сёньня ж у кулюарах канфэрэнцыі па правах чалавека ў Дубліне Клінтан заявіла, што здушэньне апазыцыйных настрояў у краінах Усходняй Эўропы і Сярэдняй Азіі можа прывесьці да новай «саветызацыі» гэтых дзяржаў, перадае Associated Press.

Паводле яе слоў, працэс «саветызацыі» можа быць прадстаўлены пад такімі назвамі, як «Мытны саюз» ці «Эўразійскі саюз».

«Нельга дапусьціць памылку. Мы ведаем, што зьяўляецца мэтай, і мы спрабуем знайсьці эфэктыўны спосаб запаволіць ці прадухіліць гэты працэс», — заявіла Клінтан.

Дзяржсакратар ЗША нэгатыўна выказалася пра «новую хвалю рэпрэсіўных тактык» у Беларусі, а таксама Расеі, Туркмэністане і шэрагу іншых дзяржаў.

«Прастора для грамадзянскай супольнасьці і абароны правоў чалавека і фундамэнтальных свабодаў скарачаецца, а ўлады становяцца нашмат агрэсіўнейшыя, спрабуючы здушыць пратэст, прадухіліць свабоду выказваньня і абмену меркаваньнямі», — мяркуе Клінтан.

Яна таксама выказала асьцярогі ў сувязі з паўторным унясеньнем на разгляд расійскай Дзярждумы законапраекта аб «СМІ — замежных агентах». Згодна з праектам, прапануецца прызнаваць «замежнымі агентамі» СМІ, якія фінансуюцца з-за мяжы на 50% і больш. Клінтан назвала законапраект спробай глушэньня міжнароднай крытыкі ў адрас расійскага ўраду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG