Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец году ці канец сьвету?


Каляндар старажытных мая
Каляндар старажытных мая

У Расеі ўсё больш людзей паддаецца паніцы адносна «канца сьвету», супакойваць народ пачалі на найвышэйшым узроўні.

З набліжэньнем 21 сьнежня, калі паводле некаторых тлумачэньняў календару мая мае адбыцца канец сьвету, множацца факты панічных настрояў. The New York Times піша пра тое, што паніка, напрыклад, ахапіла бурацкую сталіцу Ўлан-Удэ, дзе з прылаўкаў зьніклі сьвечкі і запалкі. Расейскія мэдыі адзначаюць, што страх перад канцом сьвету выклікаў масавы псыхоз у жаночай калёніі на Далёкім Усходзе паблізу кітайскай мяжы. Зьняволеных там наведаў праваслаўны бацюшка Ціхан, які паведаміў, што ў калёніі пануе цяжкая атмасфэра, усё больш спробаў уцёкаў.

Спэкуляцыі пра набліжэньне канца сьвету абапіраюцца на падлікі паводле календару індзейцаў мая. Майскі каляндар пачынаецца ў 3114 годзе да нашай эры і лічыць час у інтэрвалах рознай даўжыні, сярод іх і так званая бактуна даўжынёй 394,26 году. Сёлета 21 сьнежня заканчваецца якраз 13 бактун. Прыхільнікі апакаліпсісу схільныя лічыць гэта датай канца сьвету, хоць спэцыялісты пераконваюць у адваротным. І сучасныя нашчадкі старажытнай цывілізацыі мая (частка насельніцтва Мэксыкі, Гватэмалы, Гандурасу) успрымаюць заканчэньне бактуны толькі як канец значнага каляндарнага цыклю, у чым ня бачыць ніякіх пэсымістычных значэньняў.

У Расеі тым ня менш былі вымушаныя рэагаваць на апакаліптычныя настроі на найвышэйшым узроўні. Кіраўнік Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Расеі Ўладзімір Пучкоў заявіў, што ягонае ведамства «ніякіх глябальных узрушэньняў інфэрнальнага пляну» не чакае. Глябальныя катастрофы здараюцца прыкладна раз на 10 мільёнаў гадоў. А апошнія сур’ёзныя катаклізмы, якія паўплывалі на разьвіцьцё зямной цывілізацыі, па яго падліках, здарыліся яшчэ пры жыцьці зямлянаў. Тым, хто яшчэ сумняваецца ў працягу жыцьця пасьля 21 сьнежня, Уладзімер Пучкоў параіў скарыстацца тэлефонам даверу свайго ведамства. А галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка нават выказаў думку, што ўжо 22 сьнежня варта распачаць пару судовых працэсаў над тымі, хто пашыраў такія чуткі.

У Францыі вырашаюць, што рабіць з плянаваным наплывам людзей да малой пірэнэйскай вёскі Бугарах: тутэйшая гара вышынёй 1231 м паводле эзатэрыкаў канец сьвету перажыве і таму можа стаць мэкай для тых, хто шукае паратунку. Толькі цягам апошняга дзесяцігодзьдзя сьвет перажыў некалькі прадказаньняў пра яго канец. 1999 год быў апошні паводле японскай сэкты Аўм Сэнрыкё. У 2008-м канца сьвету чакалі пасьлядоўнікі сэкты Пятра Кузьняцова, якія шукалі паратунку ў пячоры ў Пензенскай вобласьці.

Што да цяперашняга расейскага псыхозу, The New York Times цытуе аглядальніцу Марыю Эйсмант, якая лічыць, што ўлады працэсам па справе Pussy Riot самі ажывілі ў краіне рэлігійны кансэрватызм, які цяпер становіцца глебай для апакаліптычнага мысьленьня.

Ці можна спыніць, або прынамсі зьменшыць, маштабы масавага шаленства ад чаканьня канца сьвету? Меркаваньне выказвае вядомы беларускі псыхоляг Міхаіл Дзернакоўскі:

«Толькі што я быў у Маскве, і адчуваньня таго, што людзі ходзяць і баяцца канца сьвету, — такога, шчыра кажучы, не было. Таму думаю, што, напэўна, людзі больш пра гэта гавораць, чым самі ў гэта вераць. А што менавіта цяпер рабіць? Можна, вядома, нешта тлумачыць, даводзіць, аргумэнтаваць. Але, тым ня меней, паколькі ажыятаж ужо пайшоў, супрацьстаяць такой хвалі надзвычай складана. Любога роду заўвагі з боку СМІ, асабліва пад лёзунгам „давайце з гэтым змагацца“, могуць выклікаць яшчэ больш нэгатыўныя моманты, паколькі паказваюць, што нават на найвышэйшым узроўні заўважылі гэтую праблему, што яна, значыць, сапраўды існуе.

Можна, безумоўна, тлумачыць: існуюць дадзеныя экспэртаў па плямёнах мая, што ніякага канца сьвету ў культуры мая ўвогуле не існуе, а насамрэч гэта проста пачатак новага календару і нагода для сьвята. Ці іншыя дадзеныя пра тое, што ўвогуле, незалежна ад прычынаў заканчэньня ўсякага жыцьця, ёсьць прапановы іншай мэнтальнай карты, якая сьведчыць пра тое, што нічога страшнага не адбудзецца. Але забарона на абмеркаваньне гэтай тэмы ў СМІ можа яшчэ больш нэгатыўна адбіцца і, наадварот, прывесьці да адмоўных вынікаў. Таму што людзі ўбачаць: ага, забараняюць, не даюць гаварыць — значыць, за ўсім гэтым, магчыма, хаваецца нешта больш сур’ёзнае».

Псыхолягі адзначаюць, што пэрыядычныя спэкуляцыі адносна канца сьвету маюць водгук у адвечна людзкім: баяцца сьмерці і асабліва сьмерці гвалтоўнай. У многіх такая прымхлівасьць накладаецца і на ўласныя ўзроставыя, побытавыя і іншыя жыцьцёвыя праблемы. Канец сьвету становіцца таксама ўлюбёнай тэмай мас-мэдыяў з-за бяспройгрышнай цікавасьці. «Известия» падаюць думку Міхаіла Дзегцярова, паводле якога «канец сьвету» працуе як вялікі камэрцыйны праект: вялікія шэрагі дзялкоў рознага кшталту імкнуцца выкарыстаць момант і прапануюць білеты ў рай і пекла, кансэрвы і запалкі, прадказаньні псэўдамагаў ці стаўкі на канец сьвету.

Пераконваць насельніцтва, што чакаць канца сьвету — марная рэч, вымушаныя нават экспэрты амэрыканскага аэракасьмічнага агенцтва NASA. Але там, адрозна ад расейскіх чыноўнікаў, ня лічаць патрэбным кагосьці судзіць, а заклікаюць падумаць пра дзяцей. Менавіта дзяцей і суіцыдальна настроеных падлеткаў амэрыканцы лічаць найбольш успрымальнымі да чутак пра канец сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG