Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ананімка як сродак барацьбы з тэатрам


ілюстрацыйнае фота
ілюстрацыйнае фота

У Магілёўскім абласным тэатры лялек пасьля ананімкі зьняты з паказу спэктакль «Мёртвыя і жывыя фігуркі» з пэрформансам «ROT» пра самагубства савецкага паэта Ўладзімера Маякоўскага. Ананімку даслалі ва ўпраўленьне культуры. Гледачы абураныя, што пастаноўку зьнялі з паказу.

Спэктакль і пэрформанс ужо паказвалі ў магілёўскім тэатры лялек. Прэм’ера выклікала ў горадзе шырокі розгалас. Факт забароны ў тэатры не прызнаюць. Заяўляюць, што прадстаўленьні адкладзеныя, бо 22 лістапада сцэна занятая іншымі спэктаклямі.

«Адзінае, што — так, ананімка сапраўды паступіла. Ня нам, а ўва ўпраўленьне культуры. На „ROT“ — на пэрформанс. Мы ж ніякім чынам не забаранялі паказ гэтага спэктакля. Адзінае, што, магчыма, нейкія мерапрыемствы рэпэртуарнага пляну зьявіліся, таму не было куды ўпісацца і гэты спэктакль у гэты дзень не было як паказаць», — паведаміла супрацоўніца тэатру лялек.

Што магло так напалохаць некага ў пэрформансе, што ён зьвярнуўся са скаргай ва ўпраўленьне культуры? — пытаюся ў суразмоўніцы. Яна прызналася, што сам пэрформанс у тэатры ня бачыла, толькі на відэа ў інтэрнэце. Убачаным шакаваная.

«Цяпер дужа шмат моладзі захоплена самагубствам.А там менавіта на сцэне паказалі самагубства Маякоўскага. Нічога больш, акрамя гэтага, не паказалі, ані пра ягонае жыцьцё і творчасьць не паказалі. Вось менавіта гэта і падштурхнула гледачоў напісаць такую скаргу».

А якія ўражаньні пра спэктакль і пэрформанс у гледачоў? Адно зь меркаваньняў:

«Магу дакладна сказаць, што ніякіх заклікаў да самагубстваў там не было. Спэктакль зусім пра іншае. Ён пра тое, што людзі нашы, і грамадзтва таксама, такія гадкія паводле сваёй натуры, што робяць грошы на сьмерці вядомага чалавека. Там асоба Маякоўскага проста як прыклад узятая. На яго месцы мог быць ці Караткевіч, ці то Быкаў».

Адзін з аўтараў пэрформансу, актор магілёўскага тэатру лялек Юры Дзівакоў, адмовіўся камэнтаваць сытуацыю, якая склалася вакол пастаноўкі:

«Нас папрасілі пакуль пра гэта ўсё не распавядаць. Дакладна мы ведаем, што 22 лістапада гэтага нічога ня будзе. Нас папрасілі, каб мы не паказвалі», — зазначыў Юры Дзівакоў.

Камэнтар наконт забароны пастаноўкі лялечнага спэктакля ва ўпраўленьні культуры атрымаць не ўдалося. Гледачы тым часам незадаволеныя, што спэктакль не пакажуць:

«Пастаноўка надзвычай цікавая яшчэ й тым, што ў Магілёве такога кшталту падзеі здараюцца надзвычай рэдка. Для людзей, якія цікавяцца нестандартным мастацтвам — гэта была вялікая радасьць».

Прэм’ера спэктакля «Мёртвыя і жывыя фігуркі» з пэрформансам «ROT» у магілёўскім тэатры лялек адбылася 21 кастрычніка. Гэтая пастаноўка — частка экспэрымэнтальнага праекту «Другая сцэна» для аматараў нестандартнага мастацтва. Пэрформанс «ROT» акторы рабілі адмыслова для міжнароднага фэстывалю ў Швэйцарыі. Ці пакажуць яшчэ раз яго ў Магілёве, невядома.

Відэа пэрформансу тут
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG