Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе страйк супраць жорсткай эканоміі


Пратэсты ў Гішпаніі
Пратэсты ў Гішпаніі

Хваля пратэстаў супраць росту беспрацоўя і захадаў жорсткай эканоміі пракацілася ў сераду па краінах Эўразьвязу.

У Гішпаніі адбыліся сутычкі паміж пратэстоўцамі і паліцыянтамі.

Удзельнікі Дня дзеяньняў і салідарнасьці ў некалькіх краінах ЭЗ заклікаюць лідэраў краін зьвярнуць увагу на рост незадаволенасьці сярод насельніцтва і адмовіцца ад прыняцьця захадаў жорсткай эканоміі, паведамляе ВВС.

У Гішпаніі і Партугаліі страйкі стартавалі апоўначы па мясцовым часе. Удзельнікі пратэстуюць супраць скарачэньня заробкаў, пэнсій, дапамогі і сацыяльных паслугаў, а таксама падвышэньня падаткаў. Пратэсты ўжо адбіліся на працы транспарту, сотні рэйсаў у Гішпаніі і Партугаліі былі скасаваныя.

У Італіі праходзіць 4-гадзінны агульнанацыянальны страйк, да якога далучыліся таксама работнікі транспарту.

У Францыі галоўны прафсаюз заклікаў работнікаў бюджэтнага сэктару далучыцца да акцыяў пратэсту, але пакуль невядома, ці падтрымаюць тыя заклік.

Як кажуць карэспандэнты, гэта не антыўрадавыя страйкі, а спосаб выказаць салідарнасьць з працоўнымі зь іншых эўрапейскіх краінаў.

Усяго ў пратэстах ўдзельнічаюць каля 40 групаў з 23 краін. Акцыю ініцыявала Эўрапейская канфэдэрацыя прафсаюзаў. «Цьвёрдая эканомія ні да чаго не прывядзе, ад яе трэба адмовіцца», – сказана ў заяве арганізацыі.

Буйныя дэманстрацыі чакаюцца таксама ў Грэцыі, Бэльгіі, Нямеччыне, Вялікабрытаніі і некаторых краінах Усходняй Эўропы. З-за масавых акцый пратэсту авіякампаніі па ўсёй Эўропе вымушаныя адмяняць і затрымліваць рэйсы.

У Грэцыі пройдзе трэці буйны страйк за апошнія два месяцы. Краіна спрабуе скараціць дэфіцыт бюджэту ў адпаведнасьці з міжнароднымі патрабаваньнямі. Напярэдадні міністры фінансаў краін эўразоны пагадзіліся даць Грэцыі дадаткова яшчэ два гады на правядзеньне эканамічных рэформаў.

На сустрэчы ў Бруселі міністры фінансаў пагадзіліся адкласьці выкананьне Грэцыяй патрабаваньняў крэдытораў па скарачэньні бюджэтнага дэфіцыту з 2014 да 2016 году.

Аднак міністры таксама адклалі прыняцьце рашэньня аб выдзяленьні Грэцыі чарговага траншу фінансавай дапамогі 31,5 млрд. эўра.

У Грэцыі чакаюць новай, пятай хвалі мераў жорсткай эканоміі, якая прадугледжвае новае скарачэньне пэнсій, павелічэньне пэнсійнага ўзросту і скарачэньне заработнай платы, дапамогі і фінансаваньня сыстэмы аховы здароўя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG