Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэралы і жанчыны: Пэтрэус сышоў, Ален пад сьледзтвам


Дэвіду Пэтрэус і Пола Бродвэл
Дэвіду Пэтрэус і Пола Бродвэл

Генэрал Дэвід Пэтрэус, кіраўнік Цэнтральнага разьведвальнага ўпраўленьня, ускалыхнуў грамадзкую думку ў ЗША, падаўшы на мінулым тыдні ў адстаўку з прычыны пазашлюбнай сувязі з жанчынай.

Сёньня стала яшчэ вядома, што генэрал Джон Ален, камандзір амэрыканскіх войскаў у Аўганістане, знаходзіцца пад сьледзтвам з прычыны «недапушчальнай сувязі» з жанчынай, якая мае дачыненьне да скандалу з генэралам Пэтрэусам.

Генэралу Дэвіду Пэтрэусу 60 гадоў. Ён жанаты 38 гадоў, мае двое дзяцей. Пазашлюбная сувязь, да якой ён прызнаўся, была ў яго з 40-гадовай Полай Бродвэл, ягоным біёграфам. Пола Бродвэл – замужняя жанчына, у яе таксама двое дзяцей.

На мінулым тыдні Бродвэл на адным амэрыканскім вэбсайце апублікавала «Жыцьцёвыя прынцыпы» генэрала Дэвіда Пэтрэуса. Прынцып нумар пяць пачынаўся са сьцьверджаньня: «Мы ўсе робім памылкі. Галоўнае – разгледзець іх і прызнаць іх». Некалькі дзён пасьля гэтага генэрал Пэтрэус выявіў сваю памылку і падаў у адстаўку.

Усе дэталі справы Пэтрэуса пакуль невядомыя, але New York Times паведамляе, што ягоную сувязь з Полай Бродвэл адкрылі агенты Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў, якія вялі крымінальнае расьсьледаваньне ў справе магчымага парушэньня дзяржаўнай бясьпекі і зазірнулі ў электронную пошту Пэтрэуса.

Як паведамляе прэса, на сьлед інтымнай сувязі Пэтрэуса з Бродвэл агентаў ФБР вывела справа лістоў з пагрозамі, якія нейкая Джыл Кэлі, знаёмая генэрала Пэтрэуса з часоў ягонай службы ў горадзе Тампа ў Фларыдзе, атрымлівала электроннай поштай. Як выясьнілі сьледчыя, электронны адрас, адкуль ішлі лісты з пагрозамі, належаў Полі Бродвэл.

Джон Ален
Джон Ален
Потым у часе сьледзтва выявілася, што генэрал Джон Ален са згаданай Джыл Кэлі абмяняўся тысячамі мэйлаў у 2010-2012 гг. Гэта затрымала працэс пацьверджаньня генэрала Алена як галоўнакамандуючага сіламі НАТО ў Эўропе. Як усе спадзяваліся, на гэтым тыдні амэрыканскі Сэнат меў без праблемаў зацьвердзіць намінацыю Алена на гэты пост. Міністар абароны ЗША Леан Панэта сказаў, што назначэньня Алена затрымліваецца «да часу высьвятленьня датычных фактаў», і што прэзыдэнт Барак Абама ўхваліў гэтую затрымку.

Няясна, якія закіды ставяцца Алену. Афіцыйныя крыніцы адмовіліся адказваць на пытаньне журналістаў, ці ў сваім ліставаньні з Джыл Кэлі генэрал Джон Ален выявіў нейкія вайсковыя сакрэты.

New York Times піша, што выяўленыя факты адносна «недапушчальных сувязяў» генэралаў Пэтрэуса і Алена з жанчынамі выклікалі шок і вялікае шкадаваньне сярод амэрыканцаў. Абодва генэралы лічыліся дагэтуль узорнымі вайскоўцамі.

У свой час Пэтрэус разглядаўся як кандыдат на шэфа Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабаў узброеных сілаў і нават як кандыдат у прэзыдэнты ЗША.

«Гэта, безумоўна, асабістая трагедыя, але гэта таксама трагедыя для краіны» – пракамэнтаваў адстаўку Дэвіда Пэтрэуса прэзыдэнцкі дарадца і вэтэран ЦРУ Брус Рыдэл. Паводле Рыдэла, Пэтрэус ня мог паступіць іначай. Паводле вайсковых законаў, якім была падпарадкаваная ўся служба гэтага чатырохзоркавага генэрала, сямейная здрада «пляміць гонар узброеных сілаў». Да таго, дадаў Рыдэл, сакрэтная сувязь з жанчынай ставіць афіцэра выведкі пад пагрозу шантажу.

Рашэньне Пэтрэуса падаць у адстаўку ўхваліў таксама міністар абароны ЗША Леан Панэта:

«Я думаю, Дэвід Пэтрэус зрабіў правільны крок, і я лічу важным, калі кіраўнік ЦРУ, з усімі выклікамі, якія сустракаюцца на гэтай пасадзе, стаўляе цэльнасьць натуры на першае месца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG