Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Ля крыжа памяці сабралася дваццаць чалавек

абноўлена

2 лістапада ў Магілёве ля крыжа памяці, што на праспэкце Дзімітрава, сабраліся два дзясяткі актывістаў апазыцыі і моладзевых культурніцкіх арганізацыяў, каб ушанаваць памяць бязьвінна забітых за часамі бальшавіцкага і сталінскага тэрору.

Крыж усталяваны на месцы, дзе ў 20–30-я гады мінулага стагодзьдзя масава расстрэльвалі прыгавораных да сьмерці грамадзян.

Памінальную дзядоўскую акцыю арганізавала кааліцыя дэмакратычных сіл Магілёўшчыны. Адбылася яна надвячоркам. Традыцыйна да крыжа ўсклалі кветкі, запалілі сьвечку, хвіліну моўчкі пастаялі ля сымбаля памяці. Прагучалі кароткія прамовы.

«Штогод згадваючы тых людзей, якія загінулі ў тыя часы, мне прыкра ад таго, што каты, якія забівалі гэтых людзей, не панесьлі пакараньня. Я спадзяюся, што надыдзе час, і тыя каты, няхай пасьмяротна, будуць асуджаныя ня толькі судом, але і народам Рэспублікі Беларусь — беларусамі, грамадзянамі нашай краіны», — зазначыў у сваім выступе лідэр абласной структуры партыі БНФ Зьміцер Салаўёў.

Магілёў: Ля крыжа памяці сабралася дваццаць чалавек
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:40 0:00
Наўпроставы лінк

Акцыя была нядоўгай — каля паўгадзіны. Пры канцы яе ўдзельнікі прасьпявалі «Магутны Божа» і разышліся. За акцыяй не назіралі, як раней, міліцыянты і людзі ў цывільным.

Праўда пра кар’ер, па-над якім цяпер крыж, адкрылася ў васьмідзесятыя гады мінулага стагодзьдзя, калі на месцы расстрэлу пачалі здабываць пясок. Рабочыя наткнуліся на чалавечыя парэшткі. Была створаная камісія, вынікі працы якой невядомыя грамадзкасьці дагэтуль. Не падлічана і тое, колькі было расстраляна людзей. Вядома, што аднымі зь першых расстралялі каталіцкіх сьвятароў. 29 сакавіка 1918 году бальшавікі забілі магілёўскага ксяндза Яўгена Сьвятаполк-Мірскага.

Пасьля таго як у кар’еры выявілі чалавечыя парэшткі, актывісты адраджэнскіх суполак Магілёва ўсталявалі крыж. Штогод да яго прыходзяць ня толькі актывісты апазыцыі, але і сваякі рэпрэсаваных — прыносяць кветкі. Прынесьлі і сёлета.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG