Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд ня стаў разглядаць скаргу Ігара Случака


Ігар Случак
Ігар Случак

Вярхоўны суд паведаміў былому кандыдату ў дэпутаты парлямэнту ў Гомельскай-Савецкай акрузе № 34 Ігару Случаку, што ён як заяўнік «ня мае права на зварот у суд». І патлумачыў: «Магчымасць абскарджваньня пастаноў Цэнтральнай выбарчай камісіі не прадугледжана Выбарчым кодэксам».

Спадар Случак зьвярнуўся ў Вярхоўны суд пасьля адмовы Цэнтравыбаркаму 5 кастрычніка правесьці паўторны падлік галасоў у 34-й акрузе. У скарзе ён адзначыў, што на 27 з 33 участкаў акругі незалежныя назіральнікі й яго давераныя асобы вялі бесьперапынны паралельны падлік галасоў на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў. Камісіі, паводле Случака, завысілі яўку амаль удвая. Напрыклад, на ўчастку № 3, па зьвестках назіральнікаў, прагаласавалі 37,4 адсотка выбарцаў, а камісія напісала ў пратаколе — 68,9 працэнта. На ўчастку № 4 адпаведна 24,7 і 69,3 адсотка. Падобны малюнак і на іншых участках 34-й акругі.

Цэнтральная выбарчая камісія зьвесткі праігнаравала, на той падставе, што, паводле Выбарчага кодэксу, колькасьць выбарцаў, якія атрымалі бюлетэні, вызначаецца па сьпісе выбарцаў, а колькасьць тых, хто прагаласаваў — па бюлетэнях у выбарчых скрынях. Візуальны падлік, які вялі назіральнікі, паводле ЦВК, ня мае ніякіх прававых наступстваў.

Ігар Случак: «Выбарчым заканадаўствам сапраўды не прадугледжана права кандыдата ў дэпутаты абскарджваць вынікі выбараў у судзе, але я падаў скаргу, зыходзячы з нормаў, якія замацаваны ў Канстытуцыі. Адмова паказала шэраг белых плямаў у нашым выбарчым заканадаўстве. У нас ня толькі заканадаўча не замацаваны празрысты падлік галасоў, але і няма магчымасьці кандыдату ў дэпутаты абскардзіць у судовым парадку рашэнне Цэнтравыбаркаму».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG