Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі вайсковец спадзяецца на прытулак у Літве


Сьцяпан Захарчанка
Сьцяпан Захарчанка

У Літве працягвае дамагацца статусу ўцекача беларускі вайсковец Сьцяпан Захарчанка. Больш за год таму ён самавольна пакінуў вайсковую частку, дабраўся да Вільні, дзе зьвярнуўся да міграцыйных улад па прытулак.

Свае ўцёкі з радзімы Захарчанка тлумачыць тым, што ён адмовіўся падпісваць дакумэнт пра выкарыстаньне сілы супраць людзей, якія наважацца выйсьці на акцыю пратэсту. За гэта яму пагражалі фізычнай расправай.

Справу Сьцяпана Захарчанкі ўжо разглядаў літоўскі дэпартамэнт па міграцыі. 4 траўня 2012 году яму адмовілі ў прытулку. Захарчанка абскардзіў гэтае рашэньне. Як ён заяўляе, дэпартамэнт не дастаткова глыбока вывучыў абставіны ягоных уцёкаў зь беларускага войска. 12 кастрычніка Віленскі акруговы адміністрацыйны суд абавязаў дэпартамэнт міграцыі зноў разгледзець справу беларускага ўцекача.

«Цяпер я знаходжуся ў статусе просьбіта прытулку. Маю справу наноў будуць разглядаць. Спадзяюся на станоўчы вырак і што маю справу цяпер разгледзяць аб’ектыўна», — адзначае Сьцяпан Захарчанка.

Захарчанка служыў ў спэцназе ў роце глыбіннай выведкі. Ён малодшы сяржант. Чаму вайсковец вырашыў дэзэртыраваць?

«Гэта не статутныя адносіны. Рукапрыкладзтва з боку афіцэраў да салдат тэрміновай службы. Сем з паловай месяцаў зьведваў гэта на сабе. Там бессэнсоўна было да кагосьці зьвяртацца. Яны там усе павязаныя. Калі б я на каго паскардзіўся, то раней ці пазьней мне гэта адгукнулася».

Акрамя таго, як заяўляе Захарчанка, салдат абавязвалі падпісваць дакумэнт пра выкарыстаньне сілы супраць мірнага насельніцтва. Яго ён адмовіўся падпісаць:

«Калі сілы міністэрства ўнутраных спраў ня будуць спраўляцца з масавымі беспарадкамі, каб захаваць сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, мы меліся адкрываць агонь па насельніцтве. Мо гэта быў тэст, праверка для салдат — як яны на гэта рэагуюць. Можа быць і не праверка, а нешта больш сур’ёзнае. У мяне адчуваньне, што я зрабіў ўсё слушна. Я захаваў сваё здароўе. Мне паабяцалі, што на „дэмбель“ я пайду інвалідам. Акрамя таго, мае палітычныя погляды таксама падштурхнулі да гэтага».

Дваццацідвухгадовы Сьцяпан Захарчанка цяпер жыве ў Цэнтры рэгістрацыі замежнікаў у літоўскім мястэчку Пабрадзе. Цэнтар непадалёк ад літоўска-беларускай мяжы. Сьцяпан Захарчанка цьвердзіць, што беларускія ўлады дамагаюцца ад Літвы ягонай выдачы і што рабіліся адпаведныя запыты:

«Літва адмовіла ім. Мяне папярэджвалі, што тут праводзіцца комплекс вышуковых мерапрыемстваў Рэспублікай Беларусь. Пра гэта мяне папярэджвалі людзі, якія працуюць на ўрад Літвы.»

У Беларусі распачата крымінальная справа па факце самавольнага пакіданьня Сьцяпанам Захарчанкам вайсковай часткі. Паводле зьвестак зь міністэрства абароны, уцякач характарызуецца калегамі па службе крайне нэгатыўна.

Літоўскія сродкі масавай інфармацыі акцэнтуюць увагу на тое, што Сьцяпан Захарчанка ўцёк з войска падчас «маўклівых» акцыяў пратэсту ў Беларусі. Літоўская пракуратура атрымала некалькі запытаў у пытаньні экстрадыцыі Захарчанкі. Вядома, што міністар унутраных спраў Літвы Артурас Мелянас 11 кастрычніка зьвярнуўся ў дэпартамэнт міграцыі з просьбай паўторна разгледзіць справу Захарчанкі. Паводле міністра, пры вырашэньні пытаньняў такога характару неабходна раіцца зь міністэрствам замежных спраў, каб не паўтарыць памылку, калі міністэрства юстыцыі Літвы перадало беларускаму рэжыму дадзеныя пра банкаўскія рахункі праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Паводле беларускага праваабаронца Валянціна Стэфановіча, калі Сьцяпана Захарчанку вернуць у Беларусь, то чакаць аб’ектыўнага разгляду яго справы не выпадае:

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«Мы лічым, што тут яму ня можа быць гарантавана незалежнае расьсьледаваньне справы судом, што ўсе ягоны працэсуальныя правы будуць выконвацца. А таксама ягонае права на свабоду ад катаваньняў і жорсткага нялюдзкага абыходжаньня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG