Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбаліст «Міляну» стане міністрам у Грузіі


Каха Каладзэ
Каха Каладзэ

У Грузіі стаў вядомы поўны сьпіс кандыдатаў на міністэрскія пасады ў новым ўрадзе. Найбольш верагодны будучы прэм’ер — Бідзіна Іванішвілі — лідэр кааліцыі «Грузінская мара», якая перамагла на парлямэнцкіх выбарах 1 кастрычніка, — назваў прэтэндэнтаў на міністэрскія пасады ў «эканамічным блёку» ураду.

Як перадае карэспандэнт Радыё Свабода ў Тбілісі Георгі Кабаладзэ, падчас прэзэнтацыі кандыдатаў у міністры Іванішвілі заявіў, што яму давялося старанна падбіраць кандыдатуры.

Найбольш цікавым стала прызначэньне былога футбаліста італьянскага клюбу «Мілян» Кахі Каладзэ — міністрам энэргетыкі. Хоць яшчэ некалькі дзён таму Іванішвілі прапаноўваў знакамітаму спартоўцу пасаду міністра рэгіянальнага разьвіцьця. Але гэтае ведамства касуецца, уліваючыся ў склад аб’яднанага міністэрства эканомікі, якое ўзначаліць Георгі Квірыкашвілі, адзін з кіраўнікоў банку «Карту», што належыць Іванішвілі.

Міністрам аховы здароўя стане дырэктар Сачхерскага мэдычнага цэнтру Давід Сергіенка. Гэтую клініку Іванішвілі пабудаваў 6 гадоў таму. Міністэрства фінансаў узначаліць адзін з найбліжэйшых паплечнікаў будучага прэм’ер-міністра па тым жа банку «Карту» і аднайменнага фонду — Надар Хадуры. Пасаду міністра асьветы зойме філёзаф Георгі Маргвэлашвілі.

У канцы прэзэнтацыі Бідзіна Іванішвілі паведаміў, што першае пасяджэньне новага парлямэнту адбудзецца ў бліжэйшую нядзелю, і ў той жа дзень заканадаўчы орган зацьвердзіць новы склад кабінэту міністраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG