Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйк на Полацкім вінаробчым заводзе — рабочыя выйшлі на вуліцу


Стыхійны страйк на пачатку працоўнага дня 14 верасьня доўжыўся каля гадзіны. Рабочыя прадпрыемства пакінулі працоўныя месцы і выйшлі на вуліцу, пратэстуючы супраць нізкіх заробкаў.

Абяцаньні падвысіць заробкі працаўнікі чуюць ужо каля пяці месяцаў, кажа грузчык прадпрыемства Віктар Расьлякоў:

«Сёньня людзі атрымалі разьліковыя квіткі, а там зноў паўтара мільёна замест абяцаных чатырох! Таму ўсе цэхі спынілі працу, выйшлі на вуліцу і выклікалі дырэктара, Аляксандра Масалава. Ён паабяцаў да вечара вырашыць пытаньне — падвысіць нам заробкі. Але гэтае абяцаньне мы чулі ўжо некалькі месяцаў і адміністрацыі ня верым».

Тым ня менш работнікі неўзабаве прыступілі да працы. Паводле Віктара Расьлякова, — каб пазьбегнуць пакараньня за несанкцыянаваную акцыю ці за прагул.

Ён адзначае, што нізкія заробкі на прадпрыемстве ўжо прывялі да таго, што 25 працаўнікоў ад пачатку верасьня павыходзілі з афіцыйнага прафсаюзу і рыхтуюцца стварыць «пярвічку» Свабоднага прафсаюзу (СПБ). Адміністрацыя прадпрыемства спрабуе вярнуць нязгодных у ранейшую прафсаюзную арганізацыю, а мясцовы КДБ шукае ў працоўным калектыве «падбухторшчыкаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG