Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці лёгка ў Расеі знайсьці грошы на экранізацыю аповесьці Быкава пра замах на тырана?


Расейскі рэжысёр Улад Фурман зьбіраецца экранізаваць аповесьць Васіля Быкава «Аўганец».

Васіль Быкаў быў адным з самых вядомых беларускіх пісьменьнікаў,
у постсавецкія часы актыўна крытыкаваў прэзыдэнта Лукашэнку, піша пецярбурскі партал 812 online.

Гэтая крытыка матэрыялізавалася ў аповесьць, у якой ня спраўджаны тыраназабойца-«аўганец» Ступак лічыць вінаватым ва ўсіх бедах Беларусі яе кіраўніка і вырашае пакласьці гэтаму канец.

«Аўганец» рэч моцная, і яна яшчэ і нечакана актуальная — жыцьцё ў кніжнай Беларусі нагадвае рэальную Расею — разгон дэманстрацый, АМАП, пошукі ўнутраных і зьнешніх ворагаў. Можна нават падумаць, што Фурман вырашыў зьняць антыпуцінскае кіно...

— Чаму вы раптам вырашылі экранізаваць «Аўганца»? Гэтая аповесьць выйшла даволі даўно — у 1998 годзе.

— У мяне шлях да Быкава пачаўся праз працу над экранізацыяй яго аповесьці «Бліндаж». А перад гэтым мы здымалі ў Беларусі ваенную карціну «Наркомаўскі абоз». Здымкі былі складаныя і вельмі зьядналі здымачную групу. І неяк беларускі прадусар карціны Шкадарэвіч даслаў мне спасылку на аповесьць Быкава «Аўганец». Мяне цікавіць творчасьць Быкава як пісьменьніка, як мастака, як сумленнага, прыстойнага грамадзяніна.

— І «Аўганец» вас чым зачапіў?

— «Аўганец» мяне зачапіў тым паваротам, які там ёсьць. Спачатку гісторыя разьвіваецца ў традыцыях «Варашылаўскага стралка». Галоўны герой — такі суцэльны, перакананы ў сваёй праваце чалавек, выразна ведае, дзе зло, дзе дабро. Але потым ён здраджвае сваім перакананьням за каўбасу. І гэта вельмі страшна, з майго пункту гледжаньня.

Але мы будзем будаваць сваю гісторыю не на сацыяльнай тэме. Мы распавядзем аб адносінах у сям’і. Мне здаецца, што ўся гісторыя ў «Аўганцы» трымаецца на тым, што ў самым пачатку жонка кажа свайму мужу, герою вайны, што ён тля. Таму што яго звольнілі з працы і ён апынуўся няздольны карміць сям’ю. І мы будзем распавядаць пра тое, які ў чалавеку ўзьнікае надлом, і як увесь фільм ён спрабуе даказаць, што здольны на нешта.

— Гэта значыць, гісторыі пра тое, як герой хоча забіць кіраўніка дзяржавы вельмі падобнага на Аляксандра Лукашэнку, ня будзе?

— Складанасьць тут у тым, што трэба перакласьці аповесьць, мастацкі твор, напісаны па літаратурных законах, на кінамову. Трэба так пабудаваць падзейны
Мне здаецца, што ўся гісторыя ў «Аўганцы» трымаецца на тым, што ў самым пачатку жонка кажа свайму мужу, герою вайны, што ён тля

шэраг карціны, каб гледачу было цікава. У аповесьці, па сутнасьці, мала падзей, усё будуецца на ўнутраным маналёгу героя. Рашэньне героя зрабіць тое, што ён хоча зрабіць, узьнікае паступова на працягу доўгага часу, калі яму рэальна становіцца няма чаго есьці, калі ён застаецца адзін, пачынае сьпівацца. Але ў карціне мы павінны на чымсьці сфакусавацца. Мы павінны выбудаваць нейкую лінію — з чаго ўсё пачалося і чым усё скончылася. У тэатры гэта завецца скразное дзеяньне. Гэта будзе такая камэрная, лякальная гісторыя, нягледзячы на тое, што там ёсьць эпізоды з дэманстрацыямі, з АМАПам.

Пры гэтым мы ня будзем рабіць акцэнт на Беларусь і на тое, што гэта канкрэтны час — канец дзевяностых. Усё гэта застанецца ў выглядзе намёку. Гэта проста чалавечая гісторыя. Нават саўковая. У тым сэнсе, што яна магла адбыцца практычна з любым савецкім чалавекам.

— Акрамя алюзій на Лукашэнку ў аповесьці нечакана ўзьнікаюць паралелі з сучаснай расейскай сытуацыяй — разгон дэманстрацый, незадаволенасьць уладай. Вы гэтага таксама хочаце пазьбегнуць?

— Ведаеце, калі мы здымалі ў Беларусі «Наркомаўскія абоз», у нас быў кароткі сьветлавы дзень — мы пачыналі здымаць у пяць раніцы, а сканчалі ў сем вечара. Для кіно гэта некалькі незвычайна. І вось я блукаў пасьля здымак па Менску і набрыў на букіністычныя крамы. Стаў выбіраць, што пачытаць і купіў Чэхава. Дайшоў да «Палаты № 6» і зразумеў, што гэта трэба ставіць. Прайшоў год, мы паставілі спэктакль, і раптам у краіне пачаліся ўсе гэтыя хваляваньні — зьявілася апазыцыя, народ пачаў хадзіць на дэманстрацыі. І спэктакль апынуўся нечакана сучасным. Мяне нават паклікалі на эфір «Эхо Москвы» і сказалі, што я зрабіў актуальны спэктакль. Але я-то задумаў спэктакль задоўга да ўсіх гэтых падзей.

— Але тут аналёгіі відавочныя ўжо цяпер.

— На мяне тут зрабіла вельмі моцнае ўражаньне ня гэта, а тое, што Быкаў піша не пра інтэлігента, а пра героя вайны. Чалавека з баявымі ўзнагародамі. Пра тое, хто ведае, што такое ахвяраваць сабой, ведае, што такое вайна. Пра чалавека дзеяньня, такога моцнага мужыка. І што ж зь ім адбываецца?

Спачатку, яго як шукшынскага пэрсанажа — сумленнага чалавека, што называецца, «заела». Ён вырашае, што хопіць жыць у хлусьні і прыніжэньні і трэба нешта зрабіць. А потым у яго прачынаецца сьвядомасьць раба. І ён далучаецца да тых, каго яшчэ нядаўна ненавідзеў, каго лічыў ворагамі.
Я не хачу перакручваць Быкава

У аповесьці ёсьць такі выразны момант, калі ён разумее, як выдатна, што ня трэба думаць. Што можна падпарадкоўвацца загаду. Мне яшчэ падабаецца, што гэтая перамена апісваецца і на інтэлектуальным і на фізіялягічным узроўні, калі ён прыходзіць у казарму і перад ім ставяць талерку з кашай і каўбасу. А ён рэальна галодны! Мы ўжо забыліся, як у 90-е было няма чаго есьці і як прадукты выдавалі па картках. А тут гэта вельмі падрабязна апісваецца. І вось ён ўжо наеўся, а яго сябры па няшчасьці галадаюць. І ён пачынае ад іх аддаляцца. Не, ранейшая ідэя яшчэ сядзіць у яго галаве — хай мне толькі дадуць аўтамат! Але працэс, што называецца, пайшоў. А потым ён выходзіць на дэманстрацыі зь іншага боку.

Атрымліваецца страшная рэч — калі мне дрэнна, я адстойваю інтарэсы прыніжаных і абражаных. Але як толькі мяне пачынаюць купляць — ежай, умовамі, чымсьці яшчэ, усё мяняецца. Можна ўступіць у вядомую партыю, і ўсё ў цябе наладзіцца — зьявяцца грошы, машына, бізнэс пойдзе. І які-небудзь бунтар ўжо не адчувае такога ўжо моцнага жаданьня бунтаваць.

— Наколькі я разумею, для Быкава была важная менавіта гэтая тэма супрацьстаяньня палітычнай сыстэмы, якая ўзьнікла ў Беларусі.

— Мы сыдзем ад палітыкі. Мне нават здаецца, што псыхалягічны момант, вонкава досыць камфортны, куды важней. Гэта ж аналіз грамадзтва. Бо калі мы будзем існаваць так і далей, то пры ўсіх пазытыўных спробах прэзыдэнта нешта зьмяніць нічога не адбудзецца. Таму, што няма каму будзе мяняць. А хто будзе рэалізоўваць гэтыя пляны, калі людзі толькі і шукаюць цёплага месцы або чакаюць кагосьці, хто імі будзе камандаваць?

— Чаму вы ўвесь час здымаеце пра вайну? Вашы героі ўвесь час у канфлікце са сьветам.

— Я так не думаю. У любым выпадку, гэта толькі мой погляд на сьвет. Цяпер вось выйдзе «Духless», і мы паглядзім які там будзе герой. Думаю зусім іншы. Але так ці інакш у кіно ідзе пошук героя. Вось, напрыклад, фільм «Брат». Выдатны фільм, выдатны Бодров. Там вельмі выразна быў выяўлены вобраз часу — бандыты, супрацьстаяньне па прынцыпе «свае-чужыя». Але галоўнае там быў герой. Таму што на экране патрэбны герой. Ён можа быць станоўчым або адмоўным, але ён абавязкова павінен быць.

Вось Ален Дэлон. Ён мог граць паліцыянта, мог граць кілера. Калі ён граў кілера, то павінен быў абавязкова загінуць у канцы, таму, што як казаў Мэльвіль, зло павінна быць пакарана. Але ў любым вобразе мы яму суперажывалі, таму, што ён быў героем. А калі героя няма, гэта праблема не часу, гэта праблема мастака. Рэжысёра, пісьменьніка, драматурга.

— А ваш герой які?

— Наш герой не адмоўны і не станоўчы. Яго матывацыя ўласьцівая кожнаму чалавеку. Але страшней тое, што ў такіх як ён, людзей дзеяньня, здольных нешта зьмяніць, захоўваецца рабская сьвядомасьць. Герой вайны можа адчуваць бездапаможнасьць або страх перад начальствам. Нават самым маленькім. Лёгка можна сабе ўявіць, як герой вайны прыходзіць у ЖЭК, а там якая-небудзь цётка з «халой» на галаве вучыць яго жыцьцю. Праўда, вэтэраны вайны ад нас ужо сыходзяць. Ды і аўганцы таксама.

— Не хацелася зрабіць яго героем чачэнскай вайны?

— Я не хачу перакручваць Быкава. Я лічу, што мы павінны раскрыць тэму, якую прапануе ён. Мяне так вучылі — трэба раскрыць аўтара. Аўтар дыктуе законы. Калі мы мяняем законы, зьмяняецца твор. А навошта тады пісаць у тытрах «Быкаў», калі ў фільме гісторыя, якая не мае да яго адносінаў.

— Ці зможаце знайсьці грошы на такі праблемны фільм?

— Мы ня ставім сабе камэрцыйныя задачы. Інакш гэта будзе мэйнстрым, і мы апынемся ў залежнасьці ад такога паняцьця як рэйтынг, ад густаў аўдыторыі і меркаваньні пракатчыкаў. Калі вы заўважылі, у нас часта бывае так — нехта нешта зробіць, і ўсё пачынаюць яму пераймаць. А самастойна асвойваць новыя тэмы вырашаюцца адзінкі.

— Вы стварылі кінакампанію «Ліга рэжысёраў» — і пачынаеце з праекту, які ня верне укладаньняў. Гэта лягічна?

— Вось ёсьць амэрыканская схема вытворчасьці кіно. Там ёсьць галівудзкае кіно, а ёсьць незалежны кінематограф. І незалежнае кіно таксама прыносіць нейкія грошы. Калі малабюджэтная карціна пойдзе невялікім пракатам за мяжой і пры гэтым яшчэ і атрымаць прыз на якім-небудзь фэстывалі, яна можа за некалькі гадоў акупіцца ўтрая.

— А дзяржаўнае фінансаваньне будзеце шукаць?

— Мы будзем шукаць усе магчымыя крыніцы фінансаваньня. А можа быць, зьявіцца... Сам. І скажа, што гэта патрэбнае кіно. У нашай краіне існуе такая вялікая праблема — нежаданьне браць адказнасьць. У нас шмат чыноўнікаў, шмат чыноўных падразьдзяленьняў, а адказнасьць браць на сябе ніхто не хоча. Хабар браць хочуць, а адказнасьць — не.

— І хады ў бок улады рабіць будзеце?

— Будзем. Ведаеце, Канстанцін Аркадзьевіч Райкін, мною вельмі любімы і паважаны чалавек, сказаў: «Дзеля выратаваньня тэатра я буду прыніжацца і на каленях поўзаць». Ці вось Мальер. У яго часы, каб тэатар мог выжыць, у яго павінен быў быць заступнік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG