Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі турыст раскажа ўкраінцам пра палітвязьняў


Вадзім Нікаліс
Вадзім Нікаліс

Аматар экстрэмальнага турызму Вадзім Нікаліс у верасьні пачынае пераход праз Украіну, які прысьвячае тэме свабоды слова і палітычных зьняволеных у Беларусі.

Ад усходняга ўкраінскага гораду Харкава праз Кіеў, Цярнопаль, Палтаву да самага заходняга — Ужгараду ён мае прайсьці пехатою за 40 дзён пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Па дарозе ён плянуе сустракацца з прадстаўнікамі палітычных, праваабарончых арганізацый і журналістамі Ўкраіны, каб распавесьці пра парушэньні правоў чалавека і становішча з грамадзянскімі свабодамі ў Беларусі.

Паводле Вадзіма Нікаліса, для паходу ён выбраў Украіну таму, што гэтая краіна-суседка — найбліжэйшая для народу Беларусі і найбуйнейшая эўрапейская краіна.

«Гэты паход — мая асабістая ініцыятыва, празь якую я хачу данесьці да ўкраінцаў праўду пра становішча ў Беларусі. Што ў Беларусі зусім ня гэтак усё добра, як гэта ім даводзяць СМІ Ўкраіны. Бо я лічу, што пры цяперашнім украінскім прэзыдэнту Ўкраіна коціцца туды ж, куды і Беларусь. Я хачу распавесьці пра Беларусь, што называецца, зь першых рук — вуснамі чалавека, які жыве ў Беларусі і ведае праўдзівую сытуацыю ў краіне», — паведаміў «Свабодзе» Вадзім Нікаліс.

Сваім пешым пераходам праз Украіну Вадзім Нікаліс таксама жадае прадэманстраваць навыкі экстрэмальнага турызму — уменьне выжываць ва ўмовах дзікай прыроды. Жыць ён зьбіраецца ў намёце, а ежу гатаваць на вогнішчы. Мінулай зімой Вадзім Нікаліс прайшоў пехатою з усходу на захад праз усю тэрыторыю Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG