Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вернецца Саўка з эміграцыі, і хто ўзарваў менскае мэтро?


Пра пляны Бібліятэкі Свабоды, якой пераваліла дзесяць гадоў, у размове з дырэктарам беларускай службы Радыё Свабода Аляксандрам Лукашуком.

Нельга быць беларусам, жыць у Празе і не выдаваць кнігі. Я цытую адзін з апошніх афарызмаў, які належыць да піяр-кампаніі нашай бібліятэкі. І ўсё ж у чым працэс нараджэньня кніг Свабоды будзе новым праз дзесяць гадоў? Што мяняецца ў чарговасьці і першаснасьці ў ланцужку радыё-інтэрнэт-папера?

— Напачатку заўсёды слова , ідэя і людзі, якія могуць гэтую ідэю рэалізаваць. А ўжо праз радыё, ці інтэрнэт, ці відэа — гэта другое пытаньне, на якое аднак адказ цяпер заўсёды станоўчы — так, так, і так. За 10 гадоў Бібліятэкі зьмяніліся магчымасьці аўдыторыі. Калі ў 2000-м годзе з перадачай «Верш на Свабоду» сотні тысяч людзей маглі пазнаёміцца толькі праз кароткахвалевае радыё і толькі у той час, калі яна выходзіла ў эфір, дык сёньня яна даступная зусім іначай. Папяровы варыянт — надрукаваная кніга — даўно рарытэт. Яна даступная толькі ў бібліятэках. Але як тэкст у электронным выглядзе праект існуе на сайце svaboda.org. Можна яго чытаць там, можна выдрукаваць, можна паслаць сябру , знаёмаму, можна загрузіць на электронную чыталку і насіць з сабой у кішэні, браць у падарожжа. Бібліятэка Свабоды — гэта сьвята, якое заўсёды з табой.

4 жніўня, да гадавіны затрыманьня праваабаронцы Алеся Бяляцкага, якраз на сайце пачалі друкавацца разьдзелы кнігі журналіста Свабоды Валера Каліноўскага «Справе Бяляцкага». У чым адметнасьць гэтага праекту?

Алесь Бяляцкі - герой кнігі Валера Каліноўскага
Алесь Бяляцкі - герой кнігі Валера Каліноўскага
— У Беларусі за часы незалежнасьці прайшлі тысячы палітычных судоў, у турмах былі і цяпер сядзяць як шараговыя актывісты, гэтак і кандыдаты ў прэзыдэнты. Пра іх мы выдалі ўжо два тома кнігі «Адзін дзень палітвязьня» . Справа Бяляцкага — працяг гэтай традыцыйнай для Свабоды ўвагі да тэмы правоў чалавека ў Беларусі. Тут некалькі адметных ліній ці тэмаў — гэта тэма міжнароднай салідарнасьці, дапамога з Захаду тым, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі. Гэта і тэма несумяшчальнасьці незалежнай недзяржаўнай ініцыятывы з рэжымам, усталяваным у Беларусі. Гэта тэма паводзінаў Літвы і Польшчы, якія прадставілі фінансавыя дадзеныя беларускаму боку. Але кніга больш факусуецца на асобе Алеся Бяляцкага, яго фундамэнтальнай вартасьці і незвычайнай ролі. Яшчэ у 1981 годзе ён пісаў сябру у лісьце, што галоўнае — адраджэньне Беларусі, і гэта галоўная справа яго жыцьця, дзеля чаго ён нічога не пашкадуе. Заснавальнік Таварыства літаратараў «Тутэйшыя», дэпутат Менскага гарсавета, дырэктар музэю Максіма Багдановіча, стваральнік праваабарончага цэнтру «Вясна» , намесьнік старшыні Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, трэці раз Нобэлеўскі намінант — прычым рэкамэндаваны на прэмію Міру міжнароднымі аўтарытэтамі першай велічыні. Яго высока цаніў Вацлаў Гавэл, за яго хадайнічае Нобэлеўская ляўрэатка Шырын Эбадзі. Гэта асоба маштабу легендарнай плеяды дзеячоў эпохі БНР.

Дадам, што ў верасьні і кастрычніку разьдзелы кнігі Валера Каліноўскага можна будзе слухаць і па радыё 5 разоў на тыдзень. Свае нататкі прапанаваў Свабодзе яшчэ адзін вязень, што выйшаў на волю : прафэсар , доктар мэдычных навук Юры Бандажэўскі. Гэта парады былога вязьня сумленьня, як выжыць у экстрэмальных умовах турмы. Кожная публікацыя выклікала нечакана шмат водгукаў — я згадаю хіба бурную дыскусію пра тое, што такое чыфір, які чыфір правільны, як яго піць і г.д. Аляксандр, многія чытачы , наведнікі сайту пытаюцца, ці будзе кніга Бандажэўскага?

Юры Бандажэўскі - аўтар цыклю "Як выжыць у турме"
Юры Бандажэўскі - аўтар цыклю "Як выжыць у турме"
— Вядома. Досьвед прафэсара Бандажэўскага не ўнікальны — тысячы людзей прайшлі турмы ў Беларусі. Унікальна тое, што ён, мэдык, з гэтага выпрабаваньня вынес сам і раіць іншым. Яго міжнародны аўтарытэт і асабісты досьвед, шырыня погляду і прафэсійная кваліфікацыя маглі б паслужыць Беларусі ў шмат якіх справах — але гэтая кніга можа дапамагчы людзям ня менш, чым цэлы шпіталь. Бо яна дазволіць ня страціць здароўе, захаваць і нават паправіць яго ў самых неспрыяльных абставінах. Кніга — непалітычная, і мы спадзяемся, што у турэмнага начальства ў Беларусі хопіць сьмеласьці не канфіскоўваць яе у вязьняў.

Яшчэ адна тэма, што пісалася нашымі калегамі летась як дэтэктыў — хто ўзарваў менскае мэтро. Тэма настолькі шырока хвалявала і беларускую, і сусьветную супольнасьць, што адзін з брытанскіх журналістаў тайна, без акрэдытацыі прабраўся ў Беларусь, каб напісаць пра гэта . Калега Алег Грузьдзіловаіч меў магчымасьць хадзіць на судовы працэс, бачыць і чуць тых, каго ўжо няма, каго суд палічыў вінаватымі і пакараў. Вартыя яго падсумаваньні асобнай кнігі?

Дзьмітры Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў
Дзьмітры Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў
— Такія кнігі, як кніга Алега Грузьдзіловіча — клясыка жанру судовага рэпартажу, яны рэгулярна выходзяць ва ўсіх краінах сьвету, дзе незалежная журналістыка зьвяртаецца да грамадзка значных тэмаў злачынства і пакараньня. Гэта першы такі суд у Беларусі — судзілі людзей, якіях абвінавацілі ў шэрагу выбухаў, а самы гучны — у менскім мэтро — скалануў усю Беларусь і выйшаў на першыя палосы газэтаў і ў тэленавіны усяго сьвету. Спэцыфіка гэтага працэсу была такая, што як ніколі раней у Беларусі можна было чуць, бачыць і аналізаваць факты і аргумэнты адначасна са сьледзтвам і рабіць свае высновы. Падчас публікацыі фрагмэнтаў на сайце svaboda.org чытачы актыўна ўдзельнічалі ў рэдагаваньні тэксту — прысылалі дадатковую інфармацыю, аргумэнты, заўвагі, папраўкі, якія аўтар улічваў пры дапрацоўцы тэксту.

Аляксандар, цяпер пра песьні. Лявон Вольскі ў сваім цыклі злабадзёнак, якія ён пісаў у форме дыялёгаў Саўкі і Грышкі стварыў нямала шэдэўраў. Першая гадавая сэрыя Саўкі і Грышкі выдадзеная дыскам у нашай аўдыё бібліятэцы. Але гучалі да Лявона і прапановы выдаць тэксты як вершаваны зборнік, бо часта яны былі самадастатковымі тэкстамі як у Высоцкага ці Галіча: «Аты-баты йшлі дэбаты», " Расея-зараза, ня хоча падзяліцца зазам«... Вось аўтар лічыць, што ня варта. А якія пляны Свабоды?

— Першы дыск Саўкі ды Грышкі разьляцеўся вокамгненна. А за другі год Лявон Вольскі апісаў яшчэ 50 песень, і цяпер іх сто — сто і выйдуць на новым дыску. Іх папулярнасьць пераўзыходзіла ўсе публікацыі Свабоды — іх капіявалі, гралі на тэлефонах, паказвалі па расейкім тэлебачаньні і па БіБіСі, аўтар выконваў іх на канцэртах. Ведаеце, напачатку мінулага стагодзьдзя сам Янка Купала запісаў фальклорныя сьпевы пра гэтых двух герояў з прыпевам «Го-ца-ца!» — і вось што такое сёньняшняя беларуская сытуацыя як не гэтае «Го-ца-ца!» Таму Саўка ды Грышка такія папулярныя і любімыя.

Саўка і Грышка
Саўка і Грышка
Паколькі перадача цяпер перарвалася эміграцыяй Саўкі , слухачы пытаюцца, ці азначае гэта, што сэрыя закончылася?

— Ой, цяжкое пытаньне... Савелій эміграваў , але я вось думаю , ёсьць жа скайп, могуць яны з Грышкам па скайпе зьвязвацца і абмяркоўваць , што хвалюе. Каго абяруць прэзыдэнтам ЗША, байкатаваць ці ўдзельнічаць у выбарах у Беларусі... Канечне, розьніца ў часе — але, спадзяюся, Лявон Вольскі пагодзіцца, што сапраўдным сябрам 7 гадзінаў розьніцы не перашкода.

Значыць, нашыя слухачы цягам году могуць чакаць, што бібліятэку папоўняць чатыры назвы — «Саўка ды Грышка», «Справа Бяляцкага», «Хто ўзарваў менскае мэтро» і «Здароўе ў турме»?

Альгерд Бахарэвіч
Альгерд Бахарэвіч
— На сайце svaboda.org і ў эфіры ў гэтыя дні скончыла друкавацца і гучаць яшчэ адна кніга — «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча». Альгерд Бахарэвіч стварыў каля сарака абразкоў зорак і зорачак беларускай літаратуры — прачытаў іх вачыма сёньняшняга літаратара, выцягнуў з запыленых хрэстаматыяў і збораў твораў — і цягам гэтай праграмы, як ён сам казаў, закахаўся ў беларускую літаратуру, паспрабаваў перадаць гэтае стаўленьне іншым. Праграма выклікала шмат водгукаў, як ухвальных, гэтак і пакрыўджаных, як радасных, гэтак і жорсткіх. Дыскусія вакол эсэ, прысьвечанага Янку Купалу, якое называлася «Каян Лупака» вартая таго, каб выдаць яе асобнай кнігай. Вось гэта вельмі важная вартасьць — гэта самае надзейнае сьведчаньне жывой справы жывой нацыянальнай культуры.

Бібліятэка Свабоды — яе новая частка, сьвята якое заўсёды з вамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG