Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спрашчэньне візавага заканадаўства адкладаецца


Валянцін Цэхмэйстар
Валянцін Цэхмэйстар

Ад 1 верасьня зьмяняецца парадак афармленьня беларускіх візаў для замежных грамадзянаў у Нацыянальным аэрапорце «Мінск».

У адпаведнасьці з новай рэдакцыяй візавых правілаў, зацьверджаных Саветам міністраў, магчымасьць атрыманьня ўязных дакумэнтаў захоўваецца толькі для грамадзянаў замежных дзяржаў, у якіх адсутнічаюць дыпляматычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы Рэспублікі Беларусь. Кошт беларускай візы розьніцца ў залежнасьці ад краіны пражываньня заяўніка.

Замежнікам з краінаў, дзе адпаведныя беларускія ўстановы ёсьць, візы ў аэрапорце будуць выдавацца толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць неабходнасьць тэрміновай прысутнасьці чалавека ў Беларусі. Такім чынам, як кажуць адмыслоўцы, ня спраўджваюцца ранейшыя абяцаньні афіцыйных чыноўнікаў, якія не выключалі спрашчэньня заканадаўства ў візавай галіне.

Выканаўчы дырэктар Саюзу турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмэйстар:

«Да гэтага на працягу некалькіх гадоў ішла гаворка — прынамсі, у калідорах Міністэрства спорту і турызму — зусім пра іншае. У прыватнасьці, намесьнік міністра Чэслаў Шульга, выступаючы ў Горадні на паседжаньні ўпраўленьня аблвыканкаму, гэтае пытаньне ўздымаў і гаварыў пра тое, што набліжаецца час, калі, магчыма, мы адыдзем ад прынцыпу ўзаемнасьці і нават усталюем нулявыя стаўкі па ўязных візах. Але калі галіновае міністэрства вызначыла такі напрамак толькі само для сябе і агучвала яго, не атрымаўшы кансалідаванай падтрымкі ад чыноўнікаў іншых ведамстваў, то, верагодна, мы жылі ў сьвеце ілюзіяў. Іншымі словамі, мы ў дадзены выпадку проста выдавалі жаданае за рэальнае і не былі гатовыя да такога кроку. Таму прыняцьце такога рашэньня ў адносінах да замежнікаў — усяго толькі лягічны крок чыноўнікаў, ня больш за тое».

У дакумэнце гэтаксама ўдакладняецца, што ў зьвязку з адсутнасьцю памежнага кантролю на ўнутраных межах Беларусі і Расеі, не ўяўляецца магчымым атрыманьне візаў замежнікамі, якія прыбываюць ў Нацыянальны аэрапорт «Мінск» з Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG