Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі канчаецца рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты


Завяршаецца чарговы этап кампаніі па выбарах прэзыдэнта Расеі. 18 студзеня да 18 гадзін паводле маскоўскага часу прэтэндэнты павінны будуць здаць у Цэнтральную выбарчую камісію ўсе неабходныя для рэгістрацыі дакумэнты.

Гаворка ідзе пра два мільёны подпісаў у сваю падтрымку, якія абавязаны даць кандыдаты-самавылучэнцы і прадстаўнікі непарлямэнцкіх партый. Гэта — Рыгор Яўлінскі, Міхаіл Прохараў, Віктар Чарапкоў, Дзьмітры Мезенцаў і малавядомыя Рынат Хаміеў і Сьвятлана Пяўнова. Кандыдатам у прэзыдэнты, вылучаным партыямі, якія прайшлі ў Дзярждуму — Уладзіміру Пуціну, Сяргею Міронаву, Уладзіміру Жырыноўскаму і Генадзю Зюганаву — зьбіраць подпісы не спатрэбілася. Праблем з рэгістрацыяй у іх ня ўзьнікла.

Экспэрт Незалежнага інстытуту выбараў Аркадзь Любар лічыць, што на этапе праверкі подпісаў можна «забракаваць» любога кандыдата:

— Закон дае ЦВК 10 дзён на прыняцьце рашэньня аб рэгістрацыі. На праверку подпісаў крыху менш, паколькі не пазьней, чым за два дні да прыняцьця рашэньня кандыдат ужо павінен быць азнаёмлены з вынікамі праверкі. Падстаў для адмовы ў рэгістрацыі па подпісах дзьве: першая — гэта недастатковая колькасьць подпісаў, а другая — гэта перавышэньне пэўнага ўзроўню несапраўдных і няпэўных подпісаў у ходзе выбарачнай праверкі.

— Подпіс прызнаецца несапраўдным у тым выпадку, калі высьвятляецца, што за гэтым подпісам не стаіць канкрэтны чалавек?

— На жаль, падстаў значна больш. Недакладнасьць — гэта падробленасьць подпісу, гэта значыць калі высьвятляецца, што падпісаўся ня той грамадзянін, чые дадзеныя стаяць у падпісным лісьце. Але на самай справе падстаў значна больш. Адна няправільная літара ў прозьвішчы і няправільная лічба ў нумары пашпарта — гэта ўжо падстава для прызнаньня подпісу несапраўдным. Калі экспэрт палічыць, што дата ўнясеньня подпісу пастаўлена не рукой выбаршчыка (а экспэрт пры гэтым звычайна не абгрунтоўвае, чаму ён так лічыць), то гэта таксама можа стаць падставай для выбракоўкі подпісаў. Недахопы ў засьведчаньні подпісаў могуць прывесьці да выбракоўкі ўсяго падпіснога ліста. Тыя самыя памылкі ў дадзеных зборшчыка прыводзяць да таго, што цалкам бракуецца падпісны ліст. Чатыры гады таму Касьянаву забракавалі вялікую колькасьць подпісаў таму, што ў зборшчыка, які завяраў гэтыя подпісы, не было натарыяльна засьведчаных асабістых дадзеных.

— А экспэрты, якія правяраюць подпісы, гэта супрацоўнікі ЦВК або нанятыя з боку спэцыялісты?

— Гэта ў асноўным спэцыялісты з МУС.

— Іх вэрдыкт канчатковы і абскарджаньню не падлягае?

— Фармальна падлягае абскарджаньню, але як паказвае досьвед, зрабіць гэта практычна нерэальна. Камісія звычайна давярае гэтым экспэртам, а ў суду няма магчымасьці старанна ўсё вывучыць, і суд звычайна таксама верыць высновам экспэртаў.

— Ці дакладна я вас разумею, што заканадаўства такое гнуткае, што ўсё або вельмі многае залежыць ад правяральніка? То бок, калі ён захоча знайсьці нейкія памылкі ў падпісных лістах і забракаваць іх, то ў яго ёсьць для гэтага ўсе магчымасьці?

— Так яно і атрымліваецца.

— Што тычыцца яшчэ аднаго этапу выбарчай кампаніі, то з 18 студзеня ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях пачынаюць выдаваць адмацавальнае пасьведчаньне грамадзянам, якія хочуць галасаваць на выбарах, але ня могуць зрабіць гэта на сваіх выбарчых участках. Вакол гэтых адмацавальных пасьведчаньняў заўсёды шмат скандалаў. Экспэрты сыходзяцца ў меркаваньні, што менавіта адмацавальныя пасьведчаньні і дазваляюць праводзіць масавыя фальсыфікацыі. Ці варта чакаць такіх спэкуляцый з адмацавальнымі пасьведчаньнямі і падчас прэзыдэнцкіх выбараў?

— Пакуль нішто не дае нам падстаў лічыць, што справы будуць ісьці неяк інакш, чым на выбарах у Дзярждуму. І 4 сьнежня, і на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах гэтыя злоўжываньні былі масавымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG