Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад прыездам Лукашэнкі ў Івацэвічах скасілі сухую траву і адстралялі галубоў


Лядовая арэна ў Івацэвічах
Лядовая арэна ў Івацэвічах
Аляксандар Лукашэнка наведаў Івацэвіцкі раён Берасьцейшчыны. Перад яго прыездам тут у аўральным рэжыме наводзілі парадак ды ізалявалі апазыцыянэраў.

У Івацэвіцкім раёне Аляксандар Лукашэнка наведаў сельгаспрадпрыемства «Сьвятая Воля», новы кукурузны завод, чакалі яго і ў лядовым палацы.

А перад яго прыездам у раёне традыцыйна наводзілі парадкі. Як распавёў Мікалай, жыхар вёскі Сьвятая Воля, тут нават адстрэльвалі галубоў перад прыездам прэзыдэнта на новае бульбасховішча:

«Вось дарогу шманалі, я чуў, галубоў адстрэльвалі ля дарогі. У лесе ўсё палілі-палілі вогнішчы, чысьцілі асфальт…»

Івацэвіцкіх школьнікаў перад прыездам Лукашэнкі абавязалі хадзіць у нядаўна адчынены лядовы палац па раскладзе, распавяла мясцовая настаўніца:

«Дзесяць розных школаў ходзяць па раскладзе. Адзін дзень — адна школа, другі — другая. А клясныя кіраўнікі павінны несьці адказнасьць за тое, каб дзеці наведвалі лядовы палац».

А івацэвіцкага актывіста Станіслава Халадовіча ў дзень прыезду Лукашэнкі нечакана выклікалі на працу, каб ён часам не зьявіўся ў горадзе:

Халадовіч: «Я проста быў пастаўлены перад фактам, што я іду не ў сваю зьмену. Мне паставілі працоўны дзень. Зараз я знаходжуся за горадам, а жыву ж я побач зь лядовым палацам. Таму, напэўна, і пастараліся мяне накіраваць на працу, каб быў далей ад месца пражываньня».

Мінулым разам Лукашэнка наведваў Івацэвічы ў верасьні 2010 году. Тады ён прыяжджаў аглядаць новы цэх заводу «Івацэвічдрэў». Пасьля таго прыезду па горадзе доўга хадзілі размовы пра снайпэраў на дахах, спэцназаўцаў на вуліцах і забароны падыходзіць да вокнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG