Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раней у абменьніках не было замежных грошай. Цяпер – няма беларускіх


У гэтыя дні ля многіх абменных пунктаў зноў можна ўбачыць чэргі. Праўда, цяпер людзі чакаюць не валюту, а -- беларускія рублі. Амаль ва ўсіх рэгіёнах назіраецца адна і тая ж карціна: банкі адмаўляюцца прымаць даляры і эўра, спасылаючыся на тое, што ня маюць дастатковай колькасьці наяўных беларускіх рублёў. Сытуацыю дасьледавалі карэспандэнты "Свабоды".

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Нэрвуе людзей адсутнасьць беларускіх грошай

Абмяняць валюту на рублі ў Магілёве асабліва складана на гарадзкой пэрыфэрыі.

А 12 гадзіне ў абменных пунктах магілёўскага гіпэрмаркета “Гіпа” беларускіх рублёў не было. Ахвотных здаць валюту папярэджвалі як толькі яны станавіліся ў чаргу. Рэакцыя людзей прадказальная.

“Як гэта няма беларускіх грошай? Дзяржава ў крызісе – няма валюты. І яно ня хоча браць яе ў насельніцтва. Паўдня ходзіш па абменьніках -- нікому валюта не патрэбная”, - абураецца спадарыня, выходзячы з абменьніка.

Касірка абменьніка тлумачыць праблемы тым, што "людзі шмат здаюць валюты".

Даляры на беларускія рублі не змагла памяняць і яшчэ адна спадарыня.

“Мне адказалі, што "няма ў нас беларускіх рублёў". Майму абурэньню не было краю. У нас чамусьці ў Беларусі скончыліся нашы ж беларускія грошы. Канкрэтнага адказу – чаму так склалася сытуацыя – я не атрымала. Касірка сказала – скончыліся грошы”.

Касірка абменнага пункта паведаміла, што неўзабаве грошы падвязуць. Параіла пачакаць адкрыцьця суседняй касы. Тым часам яшчэ ў адным абменьніку гіпэрмаркету карціна падобная. Чарга й кпіны наведнікаў: “То ў іх валюты няма, то беларускіх грошай”.

Начальства абяцае, што "рублі хутка падвязуць…".

У цэнтры гораду сытуацыя іншая. У абменьніках беларускія грошы ёсьць, але не заўжды. Касірка аднаго з абменьнікаў ўнівэрмагу патлумачыла, што людзі шмат здаюць валюты:

“Не хапае грошай беларускіх. Вось я ўжо папярэдзіла начальства, што ў мяне іх ня дужа шмат. Магчыма, ня хопіць. Вось яны сказалі, што зараз падвязуць”.

Праблемы з абменам валюты зьявіліся пры канцы мінулага тыдня. На выходных нястача беларускіх грошай стала перад людзьмі асабліва востра.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У райцэнтрах таксама праблемы зь наяўнасьцю беларускіх грошай.

На Гарадзеншчыне не ва ўсіх абменных пунктах валюты ёсьць беларускія грошы. даляр у “Беларусбанку” прымаюць па 8100 рублёў, а прадаюць па 8580, у “Белаграпрамбанку” куплю даляра зьнізілі да 8 тысяч.

На Гарадзенскім чыгуначным вакзале побач працуюць два абменьнікі: “Беларусбанка” і “Белінвестбанка”. Курс куплі і продажу аднолькавы, але ў “Белінвестбанку” няма беларускіх грошай.
каб здаць даляры, даводзіцца аббегаць паўгорада ...


Адзін спадар распавядае, што зараз, каб здаць даляры, даводзіцца аббегаць паўгорада, але ён, маўляў, навучыўся арыентавацца ў тым, дзе можна здаць і набыць валюту.

Спадар: “Да прыкладу, у мінулую нядзелю “Беларусбанк” наагул працаваў толькі на скупку, нічога не прадавалі. А ў тых банках, як да прыкладу ВТБанк, курс вышэйшы, то там спакойна можна і прадаць, і набыць валюту”.

"Прадпрымальнікі на рынку не бралі даляр для разьлікаў нават па 8 тысяч рублёў".

У райцэнтрах выхаднымі таксама былі праблемы ў абменьніках з беларускай наяўнасьцю. Вось што распавядае спадар з Ваўкавыска:

Спадар: “Мне трэба было трохі прадаць, то я бегаў-бегаў і толькі ў будаўнічым банку здаў даляры. А прадпрымальнікі на рынку ня бралі нават па 8 тысяч”.

У невялікім Аўстраўцы спадар распавядае, што днямі таксама сталася праблема з беларускімі рублямі ў абменных пунктах валюты, але ажыятажу ніякага няма. Людзі, зь яго слоў, ня маюць грошай купляць па такім курсе, а па-другое, страцілі давер да ўсяго.

Спадар: “Усе ў нейкай роспачы, няма нічога, ніякіх рухаў, нічога абсалютна няма…”.

"Мяркую, што даляр будзе каштаваць да 10 тысяч беларускіх рублёў."

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП, Юры Істомін, аналізуючы сытуацыю кажа, што праблема з беларускай наяўнасьцю зьвязана з тым, што зараз падатковы тыдзень і беларускія рублі пералічаць у банкі, а потым пачнецца выплата заробкаў і сытуацыя зьменіцца.

Істомін: “Вось зараз пойдуць выплаты заробкаў, выплаты па розных іншых накірунках у беларускіх рублях -- і тады павялічыцца попыт на валюту. Думаю, што даляр будзе каштаваць да 10 тысяч рублёў”.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


На абмен па курсу 8 тысяч за даляр беларускія грошы ёсьць, а па 8100 – ужо няма

У панядзелак раніцай з трох абменьнікаў на Калгасным рынку валюту прымалі толькі два – “Белінвэстбанку” і “БПС-Банку”. Гэтыя банкі скуплялі валюту па 8 тысяч рублёў за даляр. У той жа час касірка абменьніку “Беларусбанку”, дзе даляр купляецца па 8 тысяч 100 рублёў, тлумачыла, што няма беларускіх рублёў.

Жанчына каля абменьніку гаворыць, што пасьля таго, як зьявіўся рынкавы курс, абменьнікі часта сутыкаюцца з такой сытуацыяй:

Спадарыня: “Два з паловай мільёны былі на шэсьць касаў у “Беларусбанку” у мікрараёне "Ўсход". Мужчына здаваў вялікую суму, а касірка, кажа, што толькі на два з паловай мільёны можа валюту ўзяць. А астатняе – шукайце…”

У абменьніку ля крамы "Гарачы хлеб" – скандальныя спрэчкі

Другая спадарыня: “Абменьнік каля “Гарачага хлебу”. Кладу там грошы на рахунак, а касірка кажа, што ўчора яе зьменшчыцу аблаялі, насварыліся, што грошай няма. Кажа, што маўляў, мы тут пры чым, нам даюць грошай мала. А людзі прыходзяць, а мы ім адмаўляем. То іх там учора так "аблажылі…”

Кабета каля абменьніку распавяла пра сваю бяду, зьвязаную з валютай:

Спадарыня: “Я выхавальніца дзіцячага садка. Стаяла тры месяцы за гэтай
Выходжу за імі, а яны мне тут жа “корачкі” – гэта, аказваецца, падаткавікі. І ў іх ёсьць паперка, якая дазваляе ім такія рэчы ...

валютай, каб купіць, як трэба. Некаторы час таму падыходзяць да мяне невядомыя людзі і самі прапануюць даляры па шэсьць тысяч рублёў. Выходжу за імі, а яны мне тут жа “корачкі” – гэта, аказваецца, падаткавікі. І ў іх ёсьць паперка, якая дазваляе ім такія рэчы… Гэта ж подла! Разумееце? Я плачу, у мяне сьлёзы цякуць, я да гэтага часу плачу. Гэтак крыўдна…”

Цяпер жанчыну чакае суд за “незаконныя апэрацыі” з валютай…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG