Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасольства ЗША – пра адмову Менску ад уранавай угоды


Злучаныя Штаты Амэрыкі заяўляюць, што рашэньне беларускіх уладаў аб замарожваньні праектаў па абмене высокаўзбагачанага ядзернага паліва і праграмы МBА ідзе на шкоду беларускаму народу і яшчэ больш аддаляе Беларусь ад міжнароднай супольнасьці.

“Мы спадзяемся, што Беларусь зьбіраецца ажыцьцявіць свае намеры ліквідаваць усе запасы высокаўзбагачанага ўрану. Гэта адказнае рашэньне і ўнёсак у глябальную бясьпеку”, – гаворыцца ў заяве амэрыканскага пасольства ў Мінску

У заяве таксама адзначаецца, што “пасольства ЗША ў Беларусі расчараванае рашэньнем уладаў Беларусі адмовіцца ад удзелу ў беларуска-амэрыканскіх праектах супрацоўніцтва, ад якіх выйгралі б Беларусь і яе грамадзяне”.

Паводле пасольства, “праграма МВА, распрацаваная ў партнэрстве з латвійскім і беларускім урадамі, ставіла за мэту ўпершыню даць беларусам магчымасьць атрымаць у Беларусі магістарскую ступень у бізнэс-адміністраваньні ў рамках праграмы на ангельскай мове зь міжнароднай акрэдытацыяй. Праграма МВА дазволіла б зрабіць прыватныя беларускія кампаніі больш канкурэнтаздольнымі ў глябальным кантэксьце, а таксама зрабіць беларускую працоўную сілу больш прывабнай для замежных інвэстараў. Заняткі павінны былі пачацца сёлетняй восеньню”.
Палітыка ЗША застаецца нязьменнай: мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў.

У заяве пасольства падкрэсьліваецца, што “палітыка ЗША застаецца нязьменнай: мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў. 1 сьнежня 2010 году ў Астане ўрад Беларусі прызнаў, што большая павага дэмакратыі і правоў чалавека застаецца цэнтральнай тэмай у пытаньні паляпшэньня двухбаковых адносінаў і зьяўляецца жыцьцёва важнай для разьвіцьця краіны і яе грамадзянаў. На жаль, з таго часу сытуацыя ашаламляльна пагоршылася. Бесьперапынны перасьлед і ўтрыманьне ў турме палітычных зьняволеных вымусілі ЗША ўвесьці дадатковыя санкцыі ў жніўні”.

11 жніўня 2011 году ЗША ўвялі новыя санкцыі ў дачыненьні да чатырох буйных беларускіх прадпрыемстваў: вытворцы аўтамабільных шын ААТ "Белшына", вытворцы угнаеньняў "Гродна Азот", вытворцы валокнаў ААТ "Гродна Хімвалакно" і буйнога нафтаперапрацоўчага прадпрыемства ААТ "Нафтан".

19 жніўня афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што Беларусь лічыць рашэньне ўраду ЗША аб увядзеньні санкцыяў у дачыненьні да краіны неправамерным крокам і ў адказ замарожвае сумесныя праекты па абмене высокаўзбагачанага ядзернага паліва.
"Беларусь па-ранейшаму будзе гарантаваць фізычную бясьпеку ядзернага паліва, у поўнай адпаведнасьці зь міжнароднымі абавязаньнямі ў галіне нераспаўсюджваньня. Мы таксама не выключаем прыняцьця іншых мер у адказ", – дадаў прэсавы сакратар МЗС РБ.

20 жніўня Томас Вітар, прэсавы сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША, камэнтуючы рашэньне афіцыйнага Менску, заявіў, што ЗША заўсёды лічылі, што пытаньні ядзернай бясьпекі нельга ўвязваць з звычайнай палітыкаю, улічваючы іх важнасьць для міжнароднай бясьпекі, і што адміністрацыя Абамы “спадзяецца, што мы можам знайсьці шлях наперад найбліжэйшымі тыднямі ці месяцамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG