Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Японскі ўрад хаваў інфармацыю аб радыяцыі з Фукусімы


Японскі ўрад не падаў да публічнага ведама інфармацыю аб магчымых кірунках і памерах распаўсюджаньня радыяцыі адразу пасьля аварыі атамнай электрастанцыі ў Фукусіме.

Паводле сёньняшняга выданьня International Herald Tribune, пасьля аварыі АЭС у Фукусіме, якая наступіла ў выніку ўдару цунамі 12 сакавіка сёлета, урад меў інфармацыю пра магчымыя наступствы з адмысловай кампутэрнай сыстэмы для прадказваньня радыяцыйнай небясьпекі (Speedi).

Згодна з гэтымі прадказаньнямі, радыяцыя пасьля аварыі галоўным чынам распаўсюджвалася зь ветрам у паўночным кірунку ад пацярпелай АЭС. Але гэтая інфармацыя не была агучаная, і эвакуацыя людзей з раёну электрастанцыі адбывалася якраз на поўнач.

Сапраўдныя памеры і кірункі распаўсюджаньня радыяцыі былі апублікаваныя адно два месяцы пасьля аварыі на АЭС у Фукусіме.

Як лічыць International Herald Tribune, хаваючы інфармацыю пра сапраўдныя памеры радыяцыйнай небясьпекі, японскі ўрад хацеў паменшыць абсяг эвакуацыі з пацярпелых раёнаў і не дапусьціць да крытыкі выкарыстаньня АЭС у энэргетыцы краіны.

Газэта піша, што ў 45% дзяцей з раёну Фукусімы, якіх абсьледавалі дактары пасьля аварыі, былі выяўлены выпадкі апрамяненьня шчытавіднай залозы. Але ўрад лічыць, што дозы апрамяненьня былі невялікія, і дзеці не патрабуюць ніякага лячэньня ні нават далейшага абсьледаваньня. International Herald Tribune нагадвае ў сувязі з гэтым, што большасьць выпадкаў раку шчытавіднай залозы пасьля аварыі ў Чарнобылі здарылася якраз сярод дзяцей, якія жылі ў раёне Чарнобыльскай АЭС пасьля выбуху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG