Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясьніковіч прачыніў таямніцу прыватызацыі


Міхаіл Мясьніковіч
Міхаіл Мясьніковіч
Падчас наведваньня Масквы і сустрэчаў са сваімі расейскім і казахстанскім калегамі прэм'ер Беларусі Міхаіл Мясьніковіч зрабіў некалькі заяваў, якія тычацца пэрспэктываў прыватызацыі, паведамляе “Інтэрфакс”.

“Мы запрашаем бізнэс-супольнасьць Расейскай Фэдэрацыі і Казахстану да актыўнай прыватызацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Мы б хацелі вылучыць цэлы шэраг напрамкаў, і ў першую чаргу я назваў бы хімічную прамысловасьць, таму што, мне здаецца, мы вельмі шмат зацыкленыя на пытаньнях нафтаперапрацоўкі і на гандлі нафтапрадуктамі”, – заявіў прэм'ер-міністар Беларусі на канфэрэнцыі "Ад Мытнага зьвязу да Адзінай эканамічнай прасторы: інтарэсы бізнэсу”.

Міхаіл Мясьніковіч адзначыў, што Беларусь таксама зацікаўленая ў залучэньні інвэстараў у машынабудаваньне, фармацэўтычную, мэталюргічную ды іншыя галіны.

У размове з журналістамі беларускі прэм'ер паведаміў, што ўрад Беларусі вядзе з расейскімі інвэстарамі перамовы аб продажы сямі буйных дзяржкампаніяў. Паводле Мясьніковіча, абмяркоўваецца купля “Гродна Азоту” “СІБУРам” і кампаніяй “Роснефть”, “Нафтану” – “ЛУКОЙЛам”, “Белтрансгазу” – “Газпромам”, Мазырскага НПЗ – кампаніяй “Роснефть”, дзяржаўнай долі беларускага МТС – “спадаром Еўтушэнкавым”, МАЗу – кампаніямі “Русские машины” і “Ростехнологии”, “Інтэгралу” – таксама кампаніяй “Ростехнологии”.

“Перамовы маглі б быць больш дынамічнымі”, – адзначыў Мясьніковіч, адказваючы на пытаньне аб тым, наколькі актыўна вядуцца перамовы.

На пытаньне, ці абмяркоўваецца купля “Ўралкаліем” “Беларуськалію”, прэм’ер Беларусі адказаў: “Пакуль што ў іх прапанова не сфармуляваная. Я ня ведаю, можа, яны ня хочуць”.

Гаворачы аб прагрэсе ў пытаньні прыватызацыі МАЗу КАМАЗам, Мясьніковіч паведаміў, што была абраная кампанія-ацэньвальнік і ацэнка МАЗу была праведзеная. “Гэта трэба спытаць у спадара Чэмезава, чаму ён тры месяцы выбіраў кампанію, якая будзе рабіць ацэнку”, – сказаў беларускі прэм'ер, камэнтуючы задоўжаныя тэрміны перамоваў.

Раней паведамлялася, што структуры суўладальніка “Ўралкалію” Сулеймана Керымава вялі перамовы зь беларускімі ўладамі аб набыцьці 50%+1 акцыі “Беларуськалію”. Крыніцы “Інтэрфаксу” паведамлялі, што сума ўгоды зыходзіла з ацэнкі ўсёй кампаніі на $ 30 млрд і магла скласьці $ 15 млрд. Між тым пазьней кіраўнік "Уралкалію" Ўладзіслаў Баўмгертнер адзначаў, што гэтая ўгода наўрад ці адбудзецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG