Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пілецкі: "Не зьбіраюся пісаць на ілбе, што я журналіст"


Падчас мінулых акцыяў "маўклівага пратэсту" 15 і 22 чэрвеня, паводле розных падлікаў, па ўсёй Беларусі былі затрыманыя 19 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Ці паўплывалі такія дзеяньні міліцыі на намер журналістаў асьвятляць сёньняшнюю акцыю?

24 чэрвеня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад кіраўніцтва МУС правесьці службовы разбор з нагоды парушэньня правоў журналістаў. Адпаведны ліст быў накіраваны на імя міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова. Журналісцкая арганізацыя патрабуе ад МУС неадкладна правесьці службовы разбор з прычыны масавага парушэньня прафэсійных правоў журналістаў супрацоўнікамі праваахоўных органаў падчас мірнай акцыі 22 чэрвеня, высьветліць вінаватых у парушэньні правоў журналістаў і прыцягнуць іх да адказнасьці, выбачыцца перад пацярпелымі журналістамі, а таксама забясьпечыць тлумачэньне супрацоўнікам органаў унутраных спраў заканадаўства аб СМІ.

Як паведаміла "Свабодзе" прэсавы сакратар БАЖу Яніна Мельнікава, ніякага адказу ад МУС дагэтуль не прыйшло. Што можа рэкамэндаваць БАЖ незалежным журналістам, якія прыйдуць сёньня на акцыю? Гаворыць прэсавы сакратар БАЖу Яніна Мельнікава.

Яніна Мельнікава

Мельнікава: "Па-першае, мы просім нашых калегаў быць асьцярожнымі. Калі няма падставаў кідацца ў гушчыню падзеяў, то варта памятаць пра асабістую бясьпеку і здароўе. Калі, выконваючы свае прафэсійныя абавязкі, журналіст трапіў у непрыемную сытуацыю, калі яго затрымалі, то БАЖ даўно распрацаваў невялікую памятку, якія дзеяньні варта прадпрымаць. Яна даступная на нашым сайце, яе можна раздрукаваць, пакласьці ў кішэню, і мы раім журналістам зрабіць гэта. Гэта дапамагае ў складанай сытуацыі сабрацца з думкамі і ведаць свае правы".

Сярод журналістаў, затрыманых падчас акцыі 22 чэрвеня, быў карэспандэнт газэты "Наша ніва" Алесь Пілецкі. Алесь кажа, што затрыманьне не паўплывае на ягоны намер ісьці на сёньняшнюю акцыю і выконваць свае журналісцкія абавязкі.

Пілецкі: "Я зьбіраўся адпачатку хадзіць на ўсе акцыі "маўклівага пратэсту", бо ў мае функцыі ў рэдакцыі якраз уваходзіць вядзеньне онлайну з акцыяў пратэсту. Тое затрыманьне, якое адбылося 22 чэрвеня, не паўплывае на мае пляны ніякім чынам. Заўважу, што амаль усе журналісты, якія былі затрыманыя ў мінулую сераду, рабілі фота- і відэаздымкі, "пішучых" журналістаў амаль не затрымлівалі. Але я не зьбіраюся пакідаць у рэдакцыі фотакамэру".

Карэспандэнт: "Ці быў на вас 22 чэрвеня нейкі журналісцкі "бэджык"?

Пілецкі: "Не, не было. Але адразу ў аўтазаку я паказаў пасьведчаньне. Іх праверылі, перапісалі дадзеныя, але не адпусьцілі. Потым у РАУСе Цэнтральнага раёну міліцэйскае кіраўніцтва ў нас папрасіла прабачэньня за дзеяньні сваіх падначаленых.

Я не зьбіраюся сёньня пісаць на ілбе ці іншых частках цела, што я журналіст. Гэта маё права — знаходзіцца ў цэнтры падзеяў і выконваць свае прафэсійныя абавязкі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG