Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская мытня: вялікіх чэргаў на мяжы зь Беларусьсю няма


Прадстаўнікі польскай мытні сьцьвярджаюць, што вялікіх чэргаў на мяжы зь Беларусьсю няма. У Цярэспалі машыны чакаюць 5-6 гадзінаў, у Славатычах едуць адразу.

Мы пазванілі ў мытную ўправу ў Белай Падляскай, каб запытацца пра час мытнага афармленьня аўтамашын беларусаў на прапускных пунктах Цярэспаль-Берасьце і Славатычы-Дамачава.

Старшы мытны асьпірант Мажэна Семянюк, якая ў мытнай управе ў Белай Падляскай адказвае за кантакты са СМІ, сказала нам:

«У сувязі са зьменай мытных аплатаў на ўвоз замежных аўтамашынаў для беларусаў з 1 ліпеня некалькі тыдняў мы назіраем павышаны вываз аўтамабіляў цераз прапускны пункт Цярэспаль-Берасьце. Гэта ўплывае на падаўжэньне часу мытнага афармленьня аўтамабіляў, галоўным чынам беларускім бокам. На дадзены момант беларусы, якія ўвозяць у сваю краіну аўтамабілі з краінаў Эўразьвязу, чакаюць на прапускным пункце пяць-шэсьць гадзінаў. Гэтая сытуацыя можа зьмяніцца практычна з гадзіну на гадзіну, паколькі на мяжу даяжджае ўсё болей такіх машынаў».

Спадарыня Семянюк сказала, што няма ніякіх затрымак для руху аўтамабіляў зь Беларусі ў Польшчу. Польскія мытнікі ацэньваюць, што пасьля зьмены некаторых мытных правілаў 11 чэрвеня, калі былі накладзеныя дадатковыя аплаты на вываз зь Беларусі некаторых тавараў, рух зь беларускага боку паменшаў на 30 працэнтаў.

Спадарыня Семянюк паведаміла таксама, што на прапускным пункце Славатычы-Дамачава рух у абодва бакі адбываецца практычна без затрымак. Ужо некалькі тыдняў, дадала яна, назіраецца вельмі слабы рух машынаў цераз гэты прапускны пункт.

Марыюш Сьвіднічук, прэсавы прадстаўнік мытнай управы ў Беластоку, сказаў нашаму радыё, што хоць польскія мытнікі заўважылі павышаны ўвоз патрыманых аўтамабіляў з краінаў Эўразьвязу ў Беларусь, гэта не стварыла ніякіх праблемаў на памежных прапускных пунктах у Падляскім ваяводзтве. Польскія мытнікі ў Кузьніцы, Баброўніках і Палоўцах афармляюць такія ўвозы практычна без затрымак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG