Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крамы для бедных. А бедныя — амаль усе…


Мясцовыя ўлады атрымалі зь Менску загад арганізаваць продаж таньнейшых прадуктаў для пэнсіянэраў й маламаёмных. Многія крамы, выконваючы распараджэньне выканкамаў, абвесьцілі пра скарачэньне гандлёвых надбавак на некаторыя тавары. Гэтыя зьніжкі, аднак, нязначныя, і атрымаць іх можна толькі ў пэўны час сутак — як правіла, на працягу некалькіх ранішніх гадзін.

Як рэагуюць пакупнікі на такую палёгку? Ці задавальняюць людзей цэны на прадукты, іх асартымэнт і парадак продажу? Адказы на гэтыя пытаньні высьвятлялі ў пятніцу рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Таньнейшыя прадукты: піва, яйкі, маянэз, тры гатункі каўбасы ды кава.

У Магілёве яшчэ 8 чэрвеня адчынілі першую ў Беларусі сацыяльную краму «Бакалея». Аднак да сёньня тутэйшыя пэнсіянэры не заўважылі, каб прадукты прыкметна патаньнелі. Як і раней, яны з торбамі вышукваюць у горадзе таньнейшыя харчы.

Каб упэўніцца, што цэны сапраўды зьніжаюцца, зайшоў у першую-лепшую краму. Ля ўваходу плякат. Як паведамляецца, да 30-га чэрвеня тут можна набыць па зьніжках некаторыя харчы. Сярод іх — піва, яйкі, маянэз, тры гатункі каўбасаў, кава ды гарбата. Самыя вялікія зьніжкі — на дваццаці- й трыццацітысячную каўбасу ды каву. Яны патаньнелі ў сярэднім на пяць тысяч рублёў. Усё астатняе — на дзьве сотні рублёў.

На плякат людзі сталага веку не зважаюць. Да паліц з названым асартымэнтам харчоў нават не падыходзяць. А ці заўважылі патаньненьне, пытаюся ў старых:

«Я не заўважыла. Усё даражэе. Я набывала адзін прадукт — ікра мойвы. Ён жа самы танны быў. Па чатыры, па тры тысячы. На канапкі зручна. Учора гляджу — дзевяць тысяч. Дзе ж яно падае?».

«Я такога не заўважала. Я бачу, што яны то падаюць, то ўзьлятаюць, цэны».

«Я не заўважыла. Нібыта як было, так і засталося».

Як ставяцца пэнсіянэры да дзяржаўнай дапамогі?. Пытаюся ў спадарыні сталага веку:
Цяпер шмат мы не бяром — бяром меней.

«У каго малая пэнсія, нібыта дадаюць 180 тысяч. Так што нешта ж кампэнсуецца, канечне. Але ня цалкам. Мы ў гэтай справе мала разьбіраемся. Што нам гаварыць пра цэны, калі павысіліся — есьці ж усё адно трэба. Цяпер шмат мы не бяром — бяром меней».

Магілёў стаў першым горадам у Беларусі, дзе ўлады пачалі адкрываць сацыяльныя крамы. У іх пэнсіянэрам дазваляецца закупляць харчы па зьніжках, якія дзейнічаюць чатыры гадзіны на дзень. Цяпер такіх крам у горадзе чатыры.

Карэспандэнт: «Сацыяльныя крамы адчыняюць. Ці чулі пра іх?»

Спадарыня сталага веку: «Я чула, але туды не хадзіла. Я мяркую, што там будзе рэальная зьніжэньне працэнтаў на дзесяць-пятнаццаць. Гэта ж кажуць пра працэнты. А наагул гэта будзе 500—300—200 рублёў. Гэта ж мізэр сапраўдны».

Не заўважыла істотнага падзеньня цэнаў і былая гандлярка, цяпер пэнсіянэрка спадарыня Валянціна. Яна была ў адной з сацыяльных крамаў, і цэны яе ня ўзрадавалі.

«У залежнасьці — ад чаго цэны зьмяншаюцца. Калі ад гандлёвай надбаўкі, то калі яна была, напрыклад, дваццаць працэнтаў і яе зьнізілі на тры працэнты — вы ж уяўляеце што гэта капейкі».

Загадчыцы крамаў вінавацяць вытворцаў харчоў, што тыя ня хочуць зьніжаць свае цэны. Паводле гандлярак, яны пастаўляюць кожную новую партыю прадуктаў па цэнах вышэйшых, чым папярэдняя — да пяцідзесяці працэнтаў. Вытворцы адказваюць, што зьніжаць цэны — значыць ня мець прыбытку. Урэшце і тут вынаходзяць ноў-хаў. У крамах зьявілася гэтак званае сацыяльнае малако. Яго тлустасьць — 1 працэнт. Запэўніваюць, што яно паводле сваіх якасьцяў не саступае тлусьцейшым гатункам малака.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Зьніжкі ёсьць, але мы іх зусім не адчуваем…»

У адрозьненьне ад Магілёўшчыны, дзе зьніжкі на розныя тавары распаўсюджваюцца толькі на людзей сталага веку, на Гарадзеншчыне зьніжкамі ў крамах карыстаюцца ўсе грамадзяне. Праўда, скардзяцца, што зьніжкі зусім неістотныя.

У абласным упраўленьні гандлю мне патлумачылі, што калі прымалі рашэньне пра зьніжкі на харчовыя тавары, падумалі пра тое, што аблягчыць сытуацыю трэба ня толькі пэнсіянэрам, але і маламаёмным грамадзянам, і ўрэшце прыйшлі да высновы, што імі павінны карыстацца ўсе.

Да прыкладу, у крамах «Прамсэрвісу» зьніжкі ўведзеныя больш чым на сотню розных тавараў, пераважна харчовых. Як правіла, яны складаюць ад 3 да 10%.
Некаторыя харчы каштуюць для нас зь дзіцем вар’яцкіх грошай.

Спадарыня з малым дзіцем побач з харчовай крамай патлумачыла мне, што ў краме заўсёды найперш зьвяртае ўвагу на тое, якія ёсьць зьніжкі. Зь яе слоў, яны хоць і маленькія, але эканоміць у цяперашняй сытуацыі даводзіцца на ўсім, бо грошай у сям’і катастрафічна не хапае.

Спадарыня: «Некаторыя харчы ўжо каштуюць вар’яцкіх грошай. Да прыкладу, куры раней каштавалі 8 тысяч, а зараз — 13 тысяч. Калі дзіцяці ўвесь час купляеш, то гэта вельмі накладна. А ў гіпэрмаркеце „Алмі“ на курэй бываюць часам зьніжкі, няхай на 2–3 тысячы, але гэта ўжо для нас таньней».

Спадарыня, якая выходзіць з крамы з закупамі, на маё пытаньне — ці адчувальныя тут зьніжкі на харчы, кажа:

Спадарыня: «Ніякіх зьніжак я не адчуваю, бо цэны павысіліся, пра якія зьніжкі можна казаць? А мая ж пэнсія стаіць на месцы. Тут ніяк чалавеку не пачуцца лепей. Во паглядзіце, пральны парашок каштаваў 15 тысяч, а цяпер — 30 тысяч. Усё падаражэла ў два з паловай разы, то якія зьніжкі мы можам адчуваць?».

Я датэлефанаваўся на вёску ў Бераставіцкі раён. Спадар, зь якім давялося гаварыць, распавёў, што пра зьніжкі наагул і гаворкі няма і ў крамах ніякіх аб’яваў пра гэта таксама няма. Больш за тое, зь яго слоў, большасьць харчоў у вясковых крамах даражэйшая, чым у горадзе, бо іх трэба яшчэ даставіць на вёску.

Спадар: «Людзі толькі бачаць, што ўсе цэны скокнулі. Вось глянеш у мясны аддзел — і нічога не бярэш, бо цэны гіганцкія — 46 тысяч і вышэй. Бярэш што-небудзь такое ня болей за 20 тысяч, і ўсё на гэтым. Часам нават бярэш булку белую, то глядзіш — ці яе браць, ці палову прасіць».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


У рэгіёне ня ведаюць «нізкіх» коштаў

Управа гандлю Гомельскага гарвыканкаму сьцьвярджае, што ў горадзе дзейнічае шырокая сетка крамаў са зьніжкамі цэн для пэнсіянэраў на сацыяльна значныя прадукты харчаваньня — малочныя харчы, хлебабулачныя, крупы, макароны, вараныя каўбасы, чай, тушонку.

Прадстаўніца ўправы кажа, што найперш зьніжкі пэнсіянэрам даюць у пэўны час крамы акцыянэрнага таварыства «Табаквінгандаль»:

«Ёсьць у нас такія крамы, дзе канкрэтна для пэнсіянэраў дзейнічаюць зьніжкі ў пэўны час. Гэта крамы „Табаквінгандлю“: „Акіян“, „Дашанька“ — іх шмат у горадзе. У іх дзейнічаюць зьніжкі для пэнсіянэраў у памеры 5 працэнтаў — з моманту адкрыцьця крамаў да 12:00 штодзённа».

Гомельская крама «Вясёлка».
На вуліцы Інтэрнацыянальнай месьціцца такая крама пад назовам «Вясёлка». Прадавачка гэтай крамы, пачуўшы пытаньне пра зьніжкі , найперш гаворыць не пра пэнсіянэФраў, а пра дысконтныя карты, якія выдаюць наведнікам:

«Калі вы купіце ў нас дысконтную карту. Альбо зробіце пакупку на 150 тысяч рублёў і вышэй, то вам яе падораць. Альбо калі ў вас ёсьць картка «Белінвэстбанку».

Пра пэнсіянэраў прадавачка згадвае толькі пасьля чарговага пытаньня:

«Для пэнсіянэраў у нас ёсьць зьніжкі — тут у нас у краме ўсё пазначана».

Аднак усярэдзіне, як і звонку, рэкляма апавядае зноў-такі пра дысконтныя карты, куплю тавараў на пэўную суму, але не пра пэнсіянэраў.

Пэнсіянэры нават ня ведаюць, што для іх ствараюць сацыяльныя крамы

Ня ведаюць пра такі «клопат» гандляроў і самі пэнсіянэры:

«Ой, я нават ня ведала, хаця й жыву тут. Дзякуй вам, я б і ня ведала. Казалі, што дзесьці ёсьць крамы, а дзе — ня ведала. Мы, пэнсіянэры, зьніжкамі не карыстаемся, бо няма дысконтнай карткі».

З апытаных мінакоў толькі адна пэнсіянэрка, якая працуе побач на швейным прадпрыемстве «Камінтэрн», паведаміла, што ранкам яшчэ да пачатку працы купляе тут прадукты са зьніжкамі:

«Раніцай я прыходжу на працу без 20 хвілінаў восем і карыстаюся гэтымі зьніжкамі».

Пра тое, што для пэнсіянэраў увялі зьніжкі, ня ведаюць нават жыхары суседніх дамоў, якія ўчашчаюць у «Вясёлку»:

Гаворыць 74-гадовы вэтэран працы спадар Віктар:
Я бяру пакет малака за 2 тысячы, і мне скідаюць 2 капейкі — што гэта за зьніжкі?

«А я ня ведаю, скідаюць мне, не скідаюць. Мяне ніхто не пытае, не патрабуе пэнсійнага пасьведчаньня. У касу падышоў, аплаціў і пайшоў. Бязь зьніжак бяру, адкуль я пра іх ведаю? І што гэтыя пяць працэнтаў — гэта дробязь, ня зьніжка. Я бяру пакет малака за 2 тысячы, і мне скідаюць 2 капейкі — што гэта за зьніжкі? Калі зьніжкі, то трэба хаця б 15–20 працэнтаў, каб было бачна, што для пэнсіянэраў штосьці скінулі».

Пэнсіянэр кажа, што яму ўжо страшна заходзіць у краму з-за высокіх там коштаў:

«Вось прэзыдэнт наш кажа, што мы кантралюем цэны, далі ўказаньне губэрнатарам, каб стварылі камісіі. А ў крамы заходзіць страшна з-за цэнаў. Кляліся — і прэзыдэнт, і Пракаповіч, — што ніякай дэвальвацыі ня будзе, захоўвайце свае ашчаджэньні ў беларускіх рублях. І тут на 60 працэнтаў — бах! Суцэльны падман!».

Фотаконкурс «Дзе мае $500?». Далучайся!


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG