Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнік Свабоды


Архіпелаг

Валянцін Акудовіч
Раней слова архіпелаг для беларусаў нічым не адрозьнівалася ад іншых экзатычных словаў. Больш свойскім яно зрабілася пасьля выхаду кнігі Аляксандра Салжаніцына "Архіпелаг ГУЛАГ", бо ў канцэнтрацыйных лягерох, раскіданых па ўсёй бальшавіцкай імпэрыі, адпакутвалі і загінулі дзясяткі, калі ня сотні, тысячаў нашых землякоў.

Але апошнім часам мэтафара архіпелагу ўсё часьцей ужываецца для абазначэньня Беларусі, як цэлага. І не бяз дай прычыны.

На палітычнай мапе Эўропы Рэспубліка Беларусь замаляваная аднастайнай фарбаю. Аднак, калі б нехта паспрабаваў на агульным полі нашай дзяржавы пазначыць адметным колерам тыя месцы, дзе заўважна прысутнічаюць беларуская мова, беларуская культура, урэшце, проста любоў да краіны Беларусь, то мы мелі б зусім іншы малюнак. тады б мы ўбачылі нешта накшталт архіпелагу.

Унутры дзяржаўных межаў паасобку ці групамі раскіданыя астравы і аўстраўкі беларушчыны. А ўсё астатняе -- неабсяжнае мора расейшчыны.

Насамрэч, мы, быццам якія палінэзійцы, жывем на выспах архіпелагу і самотна выглядваем адзін аднаго на даляглядзе.

Бадай, адзінае, што рэальна зьвязвае нас між сабой -- дык гэта беларуская кніга, часопіс, газэта. Толькі на прасторы беларускага тэксту мы можам сустрэцца разам. І тым самым пераадолець усё, што нас разьяднала -- ад каляніяльнай спадчыны да зрусіфікаванай гісторыі.

Але ў эпоху сродкаў электроннае камунікацыі для архаічнага тэксту ўжо амаль не засталося месца.

А хвалі расейшчыны ўздымаюцца ўсё вышэй і вышэй... І пакрысе становіцца зразумелым, што беларушчыну калі што й выратуе, то гэта магутны землятрус. Бо толькі тэктанічным зрухам пад сілу зьяднаць архіпелаг у мацярык.

Басовішча

Ян Максімюк
Слова Басовішча зьявілася ці то пад канец 1989, ці то на пачатку 1990 году, калі беларускія студэнты высьпельвалі ідэю фэстывалю беларускай рок-музыкі ў Гарадку пад Беластокам. Гісторыя неяк не занатавала, хто першы прапанаваў такі назоў. Але без сумневу можна сьцявярджаць, што слова прынялося на Беласточчыне адразу. Яно было растыражавана бадай ці не трыма тысячамі плякатаў з анонсам першага фэстывалю ў ліпені 1990. А пасьля гэтай імпрэзы стала вядомае і на Беларусі.

Этымалёгія слова даволі простая -- гэта абрэвіятура БАС (Беларускае Аб'яднаньне Студэнтаў, арганізатар фэстывалю) плюс салідны беларускі канчатак -овішча. Нехта потым спрабаваў зьвязваць паходжаньне слова з бас-гітарай--маўляў, на фэстывалі моцна "басуюць", то бок, граюць на "басе", інакш, бас-гітары--але студэнцкі БАС адкінуў гэткую "народную этымалёгію" як прынцыпова няслушную. Затое студэнтам спадабаўся калямбур пісьменьніка Ўладзімера Арлова, які пабачыўшы бурную рэакцыю гарадоцкай публікі на выступы беларускіх "цяжказбройных" гуртоў "Мроя" і "Ўліс", ахрысьціў фэстываль Бесовішчам.

Басовішча было словам зусім новым, бо называла зусім новую з'яву--беларускую рок-культуру, пазбаўленую савецкага штампу і расейскамоўнай афарбоўкі. Гэта была несумненна першая культурная з'ява, у якой і дзякуючы якой беластоцкія маладыя беларусы знайшлі поўнае духоўнае паразуменьне з пад- і пост-савецкімі суродзічамі. А таксама адчулі гонар за беларускую культуру перад маладымі палякамі, якія, пачынаючы зь першага фэстывалю, нязьменна складалі сама менш палову публікі ў гарадоцкім лесе, дзе йшлі канцэрты.

Бадай ці паўторыцца яшчэ дзе-небудзь такое як у Гарадку, калі сотні маладых галасоў сьпявалі разам з Касяй Камоцкай, Сяржуком Сокалавым-Воюшам, Віктарам Шалкевічам песьні пра Беларусь. А таксама пра "Радыё Свабода" з гуртом "Уліс"...

Беларусізацыя

Аляксандар Лукашук
Пра Слова Дня: Беларусізацыя – прапанавала расказаць наша слухачка зь места Шостка Сумскай вобласьці Ўкраіны Яна Мірашнічэнка:

“Здоров’я вам! Слово дня – білорусизація. На початку незалежності шовіністи загорлали про “насильницьку білорусизацію”. На їхню ненависть зважали. Як наслідок, термін “білорусизація” замінив тэрмін “фінляндизація”. “Білорусизація України! Ми можемо опинитись в Білорусі!” – бояться українські патріоти. Білорусизацією називають антибілоруські явища”.

Так цяпер, напрыканцы стагодзьдзя пачула слова беларусізацыя нашая ўкраінская слухачка, 20-гадовая Яна Мірашнічэнка.

Беларусізацыяй ў 20-я гады называлі палітыку пабудовы нацыяальнае дзяржавы ў рамках БССР. Нават абмежаваная дзяржаўная падтрымка культуры, адукацыі, навукі дала амаль імгненны вынік. Але, калі схаваная нацыянальная энэргія пачала ўвасабляцца ў сталыя формы дзяржаўнага жыцьця, беларусізацыяй занялося АГПУ: арганізатары сталі нацдэмамі, змоўшчыкамі з “Саюзу Вызваленьня Беларусі” й іншымі ворагамі народу.

Другая кароткая спроба Беларускага жыцьця ўздыхнуць вольна ў сваім доме адбылася, калі чырвоная армія дала драпака ад салдат вэрмахту: пад нямецкай акупацыяй прабіліся парасткі беларускага жыцьця, якое потым было або зьнішчана, або працягнулася на эміграцыі.

У 1953 годзе пад час барацьбы за ўладу ў Маскве беларусізацыю спрабаваў скарыстаць дзеля сваіх мэтаў Лаўрэнці Берыя – мясцовае начальства гаварыла й пісала па-беларуску аж два тыдні, пакуль Берыю не арыштавалі.

Спроба апошняй у гэтым стагодзьдзі беларусізацыі была зноўку задушаная ў сярэдзіне 90-х і цяпер гэтым словам суседзі пужаюць малых дзяцей: беларусізацыя якой-небудзь краіны азначае, што там ня будзе анічога свайго, а будзе як цяпер у Беларусі.

Хацелася б верыць, што гэтае значэньне слова беларусізацыя, якое ня мае анічога супольнага зь Беларушчынай, гэтак і застанецца ў ХХ стагодзьдзі і не пяройдзе ў стагодзьдзе ХХІ-ае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG