Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кучма зьявіўся на допыт


Леанід Кучма адказвае на пытаньні журналістаў перад допытам у Генэральнай пракуратуры
Леанід Кучма адказвае на пытаньні журналістаў перад допытам у Генэральнай пракуратуры
Сёньня экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма прыйшоў па павестцы ў Генэральную пракуратуру Украіны ў сувязі з крымінальнай справай аб забойстве Георгія Гангадзэ. Ён заявіў журналістам, што гатовы даказваць сваю невінаватасьць.

Як паведамляе УНІАН, Леанід Кучма заявіў журналістам, што “гатовы прайсьці ўсе пакуты пекла”, каб даказаць сваю невінаватасьць. Ён выказаў неразуменьне, на якіх падставах аўдыёзапісы ягонага былога целаахоўніка Мільнічэнкі прызнаныя доказамі. Кучма заявіў, што адмаўляецца ад вочнай стаўкі з Мільнічэнкам.

Паводле першага намесьніка генэральнага пракурора Украіны Рэната Кузьміна, Кучма падазраецца ў перавышэньні ўлады, дачы незаконных распараджэньняў кіраўніцтву МУС, што прывяло да забойства журналіста Гангадзэ.

Крымінальная справа супраць Кучмы выклікала шырокі розгалас ў Украіне. Шэраг аналітыкаў бачаць у ёй нешта іншае, чым проста імкненьне пракуратуры высьветліць усе акалічнасьці забойства журналіста Гангадзэ і пакараць вінаватых.

Вэрсіі выказваюцца аж да нечаканых. Так, шэраг экспэртаў лічаць, што прычынай узбуджэньня крымінальнай справы можа быць апраўданьне Кучмы па рэабілітуючым прычынам (калі віны не дакажуць) альбо нерэабілітуючым (калі віны ня ўдасца даказаць).

Іншыя аглядальнікі лічаць, што Генэральная пракуратура дзейнічае па распараджэньні прэзыдэнта Віктара Януковіча. Сярод прычынаў пагаршэньня стаўленьня Януковіча да Кучмы называюць жаданьне адпомсьціць за 2004 год, калі пераможцам на прэзыдэнцкіх выбарах быў Юшчанка, а не лідэр партыі рэгіёнаў.

Паводле другой вэрсіі – гэта можа быць зьвязаны з зяцем Кучмы, мільярдэрам Мікалаем Пінчуком, чые тэлевізійныя каналы займаюць крытычную пазыцыю ў адносінах да Януковіча.

Трэцяй вэрсіяй называюць мяркуемую атаку на сьпікера Вярхоўнай Рады Уладзімера Літвіна, які ў часе прэзыдэнцтва Кучмы ўзначальваў ягоную адміністрацыю.

Выказваецца і меркаваньне, што “справай” Кучмы цяперашняя ўлада імкнецца адцягнуць увагу грамадзкасьці ад эканамічных і сацыяльных праблемаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG