Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебшчына: на чатыры пікеты — адмовы, яшчэ па трох — няма адказаў


Адмовы на правядзеньне акцый да Дня волі атрымалі актывісты з Полацку, Наваполацку і Мёраў. Віцебскі сябар АГП Сяргей Салодкін, які падаваў заяўку на пікет ад сябе асабіста, таксама не атрымаў дазволу.

Сяргей Салодкін кажа, што яму не дазволілі пікетаваньне ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў — афіцыйна вызначаным уладамі месцы — праз тое, што якраз 25 сакавіка з 17 да 18 вечара там будзе праводзіцца агітацыя за здаровы лад жыцьця. Афіцыйнае мерапрыемства будзе прысьвечана барацьбе супраць захворваньняў на сухоты — так напісана ў адмове з адміністрацыі Чыгуначнага раёну. Спадар Салодкін лічыць прычыну адмовы наўмыснай: на ягоную думку, наўрад ці мэтазгодна праводзіць такую агітацыю ва ўскраінным парку, ды яшчэ ў вечаровы час.

Полацкаму актывісту Віктару Калесьніку з гарвыканкаму напісалі, што ён не заключыў дамовы на ахову правапарадку і мэдычнае абслугоўваньне падчас мерапрыемства. Між тым ні праваахоўныя арганы, ні "хуткая дапамога" ня будуць падпісваць ніякіх дамоваў, пакуль ня будзе дазволу на акцыю з Полацкага гарвыканкаму, тлумачыць актывіст.

У Наваполацку акцыю на 25 сакавіка таксама забаранілі. Заяўнік Яўген Парчынскі напісаў, што імпрэза прысьвечаная Дню волі, а таксама падтрымцы палітзьняволеных пасьля падзеяў 19 сьнежня. Менавіта другое і стала прычынай адмовы: з Наваполацкага гарвыканкаму спадару Парчынскаму напісалі, што ў Менску 19 сьнежня адбылася антыканстытуцыйная акцыя, таму салідарнасьць з палітвязьнямі дэманстраваць забаронена.

У Мёрскім райвыканкаме палічылі, што актывіст Сяргей Васільеў няправільна аформіў заяўку на акцыю да 25 сакавіка. Адказ ад уладаў прыйшоў ужо тады, калі было запозна нешта выпраўляць.

Зь Першамайскай, Чыгуначнай і Кастрычніцкай раённых адміністрацыяў група віцебскіх актывістаў, якая дасылала заяўкі на правядзеньне акцый ва ўсіх трох дазволеных уладамі месцах, адказу так дагэтуль і не атрымала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG