Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ: хроніка парушэньняў свабоды выказваньня


Як паведаміў сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў, у хуткім часе будзе абнародаваная выніковая справаздача маніторынгавай групы БАЖ «СМІ ў Беларусі ў 2010 годзе». Цяпер асацыяцыя прапануе ўступную частку справаздачы.

2010 год для Беларусі быў годам правядзеньня выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў і — што значна важней — выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (яны павінны былі адбыцца ў лютым 2011 г., аднак былі праведзены двума месяцамі раней).

У пэрыяд падрыхтоўкі і правядзеньня значных палітычных кампаній сытуацыя са свабодай выказваньня, як і зь іншымі грамадзянска-палітычнымі правамі і свабодамі, у краіне звычайна пагаршаецца. У 2010 г. падзеі разьвіваліся па іншым сцэнары.

У першай палове года ціск на СМІ і журналістаў узмацніўся.

Выкарыстоўваючы ў якасьці нагоды расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да генэрала КДБ Івана Каржа, спэцслужбы правялі ператрусы ў журналістак Святланы Калінкінай, Марыны Коктыш, Натальлі Радзінай, Ірыны Халіп; зь іх кватэр, а таксама з рэдакцыі газэты «Народная воля» і офіса «Хартыі-97» было забранае абсталяваньне, якое на працягу года не вярнулі (пры гэтым журналісткі фігуруюць у справе ў якасьці сьведак).

На адрас вядучых недзяржаўных газэт «Народная воля» і «Наша Ніва», а таксама адной з самых тыражных газэт «Комсомольская правда в Белоруссии» Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньні. На працягу 2010 г. «Наша Ніва» і «Народная воля» атрымалі адпаведна 3 і 4 папярэджаньні ад Міністэрства інфармацыі (пры тым, што для закрыцьця ў судовым парадку дастаткова двух (а ў шэрагу выпадкаў — і аднаго!) папярэджаньняў, вынесеных зь любой, нават самай нязначнай нагоды, незалежна ад цяжкасьць дапушчанага СМІ парушэньня).

На пачатку восені трагічна загінуў журналіст і грамадзкі актывіст Алег Бябенін. Яго калегі, якія выказалі сумнеў у афіцыйнай вэрсіі самазабойства, атрымалі ад нявысьветленых асобаў пагрозы на свой адрас.

Ціск на СМІ крыху зьменшыўся ў другой палове 2010 г. Відавочна, гэта было выклікана імкненьнем уладаў дамагчыся станоўчай ацэнкі правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў з боку эўрапейскіх структур.

Аднак спадзевы на гэта былі перакрэсьленыя непрапарцыйным ужываньнем сілы ў дзень выбараў 19 сьнежня 2010 г. і рэпрэсіямі, якія закранулі ў тым ліку і журналістаў.

Цалкам прэамбула да справаздачы БАЖ – на сайце асацыяцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG