Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Трыпалі страляюць на вуліцах і зь неба


У Трыпалі выкарыстоўваецца авіяцыя супраць маніфэстантаў, якія накіроўваюцца ў лібійскую сталіцу з усходніх правінцый. Верныя лідару лібійскай рэвалюцыі элітныя падраздзяленьні, а таксама афрыканскія наёмнікі, праводзяць спэцапэрацыі у гарадзкіх раёнах. Раней сын Кадафі ў выступе па тэлебачаньні заявіў, што ўдары наносяцца толькі па складах боезапасаў і гарнізонах, якія “падтрымалі змову супраць рэжыму”.

У інтэрвію каналу “Аль-Джазіра” палкоўнік Касем Наджаа, які перайшоў на бок паўстанцаў, паведаміў, што Муамар Кадафі аддаў загад пакараць сьмерцю пілётаў, якія адмаўляюцца выконваць загады. Паводле тэлестанцыі “Аль-Джазіра” на бок паўстанцаў перайшла вялікая колькасьць армейскіх частак і плямёнаў. Паўстанцы ўсталявалі кантроль над стратэгічна важнымі гарадамі Табрук і Сірт. На лібійска-эгіпецкай мяжы арганізаваны вайсковы шпіталь, куды звозяць параненых. Паводле апазыцыйных крыніцаў, колькасьць забітых у сталіцы дасягнула некалькіх сотняў чалавек.
XS
SM
MD
LG