Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты ў Эгіпце пашыраюцца


Акцыі пратэсту ў Эгіпце сёньня праходзілі ня толькі ў вялікіх гарадах, але і ў правінцыі.

У краіне трэці дзень працягваюцца антыўрадавыя дэманстрацыі з патрабаваньнем адстаўкі прэзыдэнта Хосьні Мубарака, які знаходзіцца пры ўладзе каля 30 гадоў.

Прыхільнік рэформаў у Эгіпце і былы кіраўнік МАГАТЭ, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Мухамэд эль-Барадэй сёньня вярнуўся на радзіму, каб падтрымаць удзельнікаў акцыяў пратэсту.

Мухамэд эль-Барадэй сказаў журналістам у Вене перад вылетам у Эгіпет: “Я накіроўваюся туды, каб упэўніцца, што ўсё будзе вырашана мірным шляхам, я на гэта спадзяюся. Калі рэжым выкарыстае сілу, гэта будзе цалкам немэтазгодна і ў выніку створыць вельмі жахлівую сытуацыю”.

Мухамэд эль-Барадэй заявіў таксама, што гатовы “кіраваць пераходным працэсам ў Эгіпце”.

Сілы бясьпекі застрэлілі сёньня аднаго з пратэстоўцаў, бэдуіна, на поўначы рэгіёну Сінай ў Эгіпце. Усяго, паводле розных дадзеных, загінулі 6 альбо 7 чалавек, затрыманыя як найменей 860 чалавек.

Новыя масавыя акцыі прызначаныя ў Эгіпце на пятніцу, пасьля вечаровай малітвы.
XS
SM
MD
LG