Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь будзе далей купляць вэнэсуэльскую нафту


Першы віцэ-прэм'ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка сёньня заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве, што Беларусь не адмовіцца ад закупкі вэнэсуэльскай нафты ў сувязі з адменай Расіяй пошлін на пастаўку нафты, паведаміла РИА Новости.

Раней беларускі віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў заяўляў, што Беларусь мае намер у 2011 годзе аптымізаваць пастаўкі нафты з улікам дамоваў у рамках Адзінай эканамічнай прасторы Мытнага саюзу. Пры гэтым ён не ўдакладняў, на чыю карысьць пастаўкі могуць быць пераразьмеркаваныя.

Тым часам азэрбайджанскі інтэрнэт-рэсурс 1news.az паведаміў са спасылкай на кіраўніка Дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азэрбайджану Раўнага Абдулаева, што згодна з дамовамі, дасягнутымі паміж Беларусьсю, Азэрбайджанам і Вэнэсуэлай, Азэрбайджан будзе пастаўляць нафту ў Беларусь і ЗША па схэме "своп".

У выніку своп-апэрацый Беларусь атрымае 5 мільёнаў тон нафты на год. Беларусь атрымае гэтую нафту ад Азэрбайджану, а такую самую колькасьць нафты Вэнэсуэла ўзамен прадасьць Азэрбайджану. Такім чынам Баку атрымае магчымасьць пастаўляць гэтую нафту ў ЗША з Вэнэсуэлы, замест таго, каб, як дагэтуль, перавозіць яе танкерамі праз акіян.

Раней паведамлялася, што ў адпаведнасьці з дамовамі на працягу найбліжэйшых трох гадоў Беларусь плянуе закупіць у Вэнэсуэлы каля 30 мільёнаў тон нафты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG