Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бомбы меліся выбухнуць у самалётах па дарозе ў ЗША


Вашынгтон і Лёндан лічаць, што два выбуховыя прыстасаваньні, якія былі высланыя авіярэйсамі зь Емэну на адрасы сынагогаў у Чыкага, былі прызначаныя для падрыву самалётаў на шляху ў Амэрыку.

“Мы разглядаем і магчымасьць, што яны мелі ўзарвацца ў самалётах, якія іх перавозілі, і магчымасьць, што яны мелі выбухнуць на месцы прызначэньня, – сказаў амэрыканскаму тэлеканалу CBS Джон Брэннан, галоўны дарадца амэрыканскага прэзыдэнта ў пытаньнях супрацьдзеяньня тэрарызму. – Але на гэтым этапе, як думаю, мы пагаджаемся з брытанцамі, паводле якіх, прыстасаваньні былі вырабленыя для выбуху падчас палёту самалёта”.

Нагадаем, што бомбы былі выкрытыя у багажы рэйсавых самалётаў 28 або 29 кастрычніка – адна зь іх на лётнішчы ў Дубаі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, а другая каля Бірмінгему ў Вялікабрытаніі. Абодва выбуховыя прыстасаваньні былі высланыя са сталіцы Емэну Саны на адрасы сынагогаў у Чыкага, назвы якіх сусьветныя СМІ не падаюць.

Паводле некаторых паведамленьняў, бомбы былі выкананыя вельмі прафэсійна. Адна зь іх, знойдзеная ў Дубаі, была зьмешчаная ў набой з тонэрам у стандартным прынтэры фірмы Hewlett-Packard. Выбуховае прыстасаваньне было падключанае да матчынай платы мабільніка, але без SIM-карты – гэта наводзіць сьледчых на падазрэньне, што бомбу плянавалі задзейнічаць не сыгналам тэлефанаваньня аднекуль здалёк, а таймэрам мабільніка. Тэрэса Мэй, міністар унутраных справаў Вялікабрытаніі, сказала журналістам, што колькасьць выбуховага матэрыялу, знойдзеная на лётнішчы каля Бірмінгему, была дастаткова магутнай, каб зьнішчыць самалёт.

Як мяркуюць адмыслоўцы, прыстасаваньні былі вырабленыя Аль-Каідай. І гэтыя самыя адмыслоўцы зьвяртаюць увагу на штораз большую вынаходлівасьць і тэхнічную прасунутасьць тэрарыстаў у канструкцыі выбуховых прыстасаваньняў.

30 кастрычніка ўлады Емэну арыштавалі студэнтку ў Сане ў сувязі зь перасылкай бомбаў авіярэйсамі ў ЗША. Паводле інфармацыі ў прэсе, нібыта на адной з упаковак бомбаў быў запісаны нумар яе тэлефона. Студэнтку вызвалілі 31 кастрычніка пад падпіску аб нявыезьдзе з краіны і пад абяцаньне супрацоўнічаць са сьледзтвам.

Учора ЗША і Вялікабрытанія выслалі сваіх сьледчых у Сану, каб яны на месцы пастараліся высьветліць абставіны, у якіх сьмертаносныя пасылкі былі адпраўленыя ў Чыкага. А сёньня амэрыканскія ўлады заявілі, што галоўным падазроным у высылцы бомбаў самалётамі ў Чыкага зьяўляецца грамадзянін Саудаўскай Арабіі Ібрагім Хасан аль-Асіры, які нібыта ўваходзіць у емэнскае адгалінаваньне тэрарыстычнай сеткі "Аль-Каіда".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG