Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты не далі разбурыць сьцяну


Акцыя "Сьцяна" супраць гвалту ў сям'і, якую плянавала правесьці 29-31 кастрычніка ў Менску група студэнтаў, не адбылася.

Каля гіпэрмаркету "Гіпа" па вуліцы Ракасоўскага раніцай 29 кастрычніка арганізатары акцыі ўсталявалі макет сьцяны. Аднак перад пачаткам мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі Ленінскага РУУС папярэдзілі арганізатараў аб незаконнасьці акцыі і запатрабавалі спыніць яе.

Як патлумачыла БелаПАН актывістка Лілія Некрашэвіч, правядзеньне акцыі было ўзгоднена з адміністрацыяй "Гіпа".

Паводле Некрашэвіч, начальнік Ленінскага РУУС Менску паведаміў ёй, што акцыя незаконная, бо ініцыятары павінны былі атрымаць дазвол на яе правядзеньне ў гарвыканкаме.

Паводле арганізатараў, імправізаваная "цагляная" сьцяна ўвасабляе розныя страхі — асуджэньне грамадзтва, помста мужа, — якія перашкаджаюць пацярпелым жанчынам пачаць вырашаць праблему гвалту ва ўласнай сям'і. 31 кастрычніка ўдзельнікі акцыі плянавалі публічна разбурыць макет сьцяны.

У верасьні актывісты спрабавалі атрымаць у менскіх уладаў дазвол на правядзеньне акцыі ў раёне Камароўскага рынку і на плошчы Свабоды, аднак у абодвух выпадках ім было адмоўлена.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG