Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палесьсе — гэта асаблівы сьвет


Бабровічы, Івацэвіцкі раён.
Бабровічы, Івацэвіцкі раён.
Вёска Бабровічы — на краі сьвету. Бо гравійная разьбітая дарога, якая вядзе сюды з райцэнтру, за Бабровічамі нікуды ўжо не вядзе. За вёскай плешчацца адно з самых прыгожых і чыстых палескіх азёраў. Дзякуй Богу, возера яшчэ ня стала аб’ектам масавага паломніцтва гарадзкіх пляжнікаў. І ваколіцы Бабровіцкага возера яшчэ не пераўтварыліся ў сьметнік. Як на легендарнай Сьвіцязі. Але, мяркуючы па некаторых капітальных будынках, прыгажосьць гэтых мясьцін ужо ацанілі некаторыя нябедныя гараджане. Старая, што ішла па бязьлюднай вуліцы, з надзеяй у голасе задала мне пытаньне.

Старая: «А то ваша машына стаіць?»

Карэспандэнт: «Мая машына».

Старая: «А што вы прымаеце, ягады ці што?»

Карэспандэнт: «Не прымаю я ягады, на жаль. Я пішу».

Старая: «Не даюць лавіць рыбакам. То ж рыбакі лавілі, набіралі. А цяперака не дазваляюць. А ў нас работы няма. Хоць рыбакамі былі».

Карэспандэнт: «І гэта балюча ўдарыла?»

Старая: «Канечне. Работы ж няма. А каля старых жыве сын ці дачка. Калгас раскідаўся. Людзі паразьяжджаліся. Засяляюцца чужыя. Дачнікі».

Маладых мужчын працаздольнага ўзросту ў вёсцы засталося каля дзясятка. Адзін зь іх, саракагадовы Сяргей, ніяк ня можа звыкнуцца з думкай, што ў возеры ўжо не паловіш рыбу сеткай. Як гэта было раней. За саветамі.

Сяргей: «Не даюць. А лодкі зганяюць туды, дзе людзі не жывуць. На той хутар. Абрываюць ланцугі гвалтам. Мы жывем на беразе возера — рыбы ня бачым. Ідзі на вудачку сядзі. А што з той вудачкі? Нам не дазваляюць сеткамі лавіць. Нам, мясцовым жыхарам, калі нам сядзець з той вудачкай? Неяк жа мы павінны харчавацца рыбай? Нам трэба сена касіць, гароды, гаспадарка. Калі нам сядзець з гэтай вудачкай?»
Нам трэба сена касіць, гароды, гаспадарка. Калі нам сядзець з гэтай вудачкай?


Сяргей: «Калгаса ў нас ня стала. Развалілі калгас. Фэрму развалілі, зьнесьлі. Працы ня стала. Ні ў суседняй вёсцы, ні ў нас».

Карэспандэнт: «А з чаго вы жывяце?»

Сяргей: «Як хочаш, так і жыві. Я цэлае лета хаджу, журавіны зьбіраю».

Карэспандэнт: «Вы зьбіраеце журавіны?..»

Сяргей: «Каб пражыць. Трэба плыць пяць кілямэтраў па возеры ў любое надвор’е, каб сабраць журавіны. На сваёй драўлянай лодцы».

Дарэчы, за сэзон Сяргей на журавінах зарабляе больш як мільён рублёў у месяц. Але вернемся да рыбы. Некалькі гадоў таму захады супраць браканьерства сталі вельмі жорсткія. Ня так даўно аднаму гомельскаму рыбаку быў прысуджаны штраф у 17 мільёнаў рублёў. За пяць з паловай кіляграмаў рыбы, злоўленай у пэрыяд нерасту. І такія штрафы ня рэдкія. Як ня рэдкія і выпадкі самагубства. Бо паспрабуй выплаці мільённы штраф пры нашым дабрабыце. Мне здарылася паразмаўляць з інспэктарамі рыбнагляду, якія вярталіся з возера пасьля сваёй нялёгкай службы. У служак закону свая рацыя.

Інспэктар: «Спачатку абілецьцеся — і лавіце, ніякіх пытаньняў ніхто ня ставіць».

Карэспандэнт: «А раней можна было сеткамі лавіць…»

Інспэктар: «Дык можна і зараз, пакуль мы тут. Паможам вам дастаць. І дастаць, і палічыць».

Карэспандэнт: «Толькі за саветамі штраф быў 20 рублёў, а зараз — мільёнаў дзесяць».

Інспэктар: «Гэта гледзячы колькі наловіце. Трэба заўжды многа лавіць».

Карэспандэнт: «Раскінуўся калгас. Маладым мужыкам работы няма. Яны з гэтай рыбы жылі. Пасьля ўвялі дзікія штрафы. І што ім рабіць? Сьпівацца. Правільна?»

Інспэктар: «Можна і вудачкай налавіць, каб сабе пакушаць. Кожны дзень па пяць кіляграм лаві. Усе яны жывуць побач. Пайшоў, злавіў пяць кіляграм. Занёс дахаты — і зноў лаві пяць кіляграм. Але ж ня хочуць. А сядзяць, ловяць 10, 15 кіляграм».


Перад уездам у вёску, на пагорку, стаіць недабудаваная царква. Ідэя збудаваць храм належыць бабровіцкаму жыхару, перасяленцу з Расеі, Веніяміну Бычкоўскаму. Веніямін нарадзіўся ва Ўфе. Паводле прафэсіі ён інструктар турызму. Гэта падцягнуты, моцны, барадаты рамантык. Веніямін шмат дзе жыў і вандраваў. Але дажываць свой век вярнуўся на зямлю продкаў. Ягоныя дзяды паходзяць з Палесься.

Карэспандэнт: «Гэта будуеце вы?»

Веніямін: «Благачынны дапамагае. Але ідэя была мая. Складана ідзе работа. Благачынны, айцец Рыгор з Івацэвіч, мне дае пэрыядычна рабочых. Тут быў унікальны чалавек. Да вайны служыў. Праўда, уніяцкая царква была. Але гэта не ўмаляе ягоных заслуг. Баляслаў Пачопка. Гэта ня толькі сьвятар. Гэта паэт, пісьменьнік, публіцыст. Але, чамусьці, пра яго і тут, і ў Польшчы вельмі сьціпла. Пра яго я зьбіраю».

Чалавеку з Уфы цяжка зразумець, чаму амаль не ўшаноўваецца імя Баляслава Пачопкі. Уніяцкага сьвятара, паплечніка Адама Станкевіча, аўтара першай «Нашай Нівы», чалавека, які распрацоўваў беларускую лацінку. Ды вось з-за вышэй пералічанага і не шануецца.


Веніямін: «Палесьсе — гэта цэлы сьвет. Чым болей я вывучаю палескую старасьветчыну, тым болей я разумею, што гэта мой сьвет. Вось дзе мне дыхаецца. І я невыпадкова стаў будаваць у памяць людзей. Я хачу, каб іх паміналі, не забываліся пра трагедыю. І я такім чынам кланяюся гэтай зямлі. Якая дала мне прытулак і сілкуе зараз мяне».

Трагедыя, пра якую кажа Веніямін, здарылася ў верасьні 1942 году. Акупанты спалілі вёску. Згарэла старая царква, усе 164 хаты. Загінула падчас акцыі 676 жыхароў. Але загінулі ня ўсе. Вользе Петруковіч пашанцавала выжыць. Слухаць яе аповед вельмі нялёгка.


Вольга: «Заганялі, каб гарэлі. Каб чыста было. Каб не пайшла хвароба. Ляжыць чалавек на ветры і гніе. Паветра ж не такое. А згарэў — і згарэў. Вось так яны і палілі. А чаго? За што?»

Карэспандэнт: «А вы вырваліся?»

Вольга: «Ужо я не чакала іх. Клуню запалілі, я ўпала. А хто застаўся там паранены. А дзеткі. Дзетак ня білі. Поўзаюць па мацярах і плачуць».

У гэтай бойні Вольгу выратавала тое, што куля ката не абмінула яе. Залітая крывёй, заваленая забітымі аднавяскоўцамі, Вольга праляжала да цемры. Каб пасьля сысьці ў партызанскі лес.

Вольга: «Прама ў патыліцу білі. Яшчэ б чуць — і ў горла. Як удачна прайшла куля, каля горла. Дала рыкашэт і выйшла з патыліцы. Я ў крыві. А на мяне ж падаюць пабітыя. А я жывая. Плакалі, храплі. А то ціха стала. Ня паляць. За рукі шчыпаю. Плаваю ўся ў крыві».

Была старая і на трыбунале, што праходзіў у Менску пасьля перамогі.

Вольга: «Я была ў Менску на судзе. Ваенным трыбунале. Там пазнавалі немцаў. І народу — уся Беларусь зьехалася. З кожнага сяла. І немцаў як судзяць, — чаго партызан прывязвалі людзей да коней і гналі? Чаго мірны народ палілі? Ды дзетак, ды жанчын? Кажуць — як мы ўваходзілі ў вёску, дык народ нас сустрэў зь сякерамі. Уся заля, увесь народ у адзін голас. Хто? Ім сталы ставілі! Хлеб. Соль. Водку і кветкі. Улада!»

Зараз старая сялянка ня можа глядзець тэлевізар. Ёй, якая бачыла сьмерць сапраўдную, невыносна глядзець нават на бутафорскую сьмерць.

Вольга: «Паказваюць па тэлевізары, дык выключаю. Некалі пра калгасы, пра заводы. А цяпер — як рэжа, б’е, душыць, страляе».

Карэспандэнт: «Вы ня можаце гэта глядзець?»

Вольга: «Не. Як гэта так?»

Веніямін Бычкоўскі сабраў унікальную калекцыю старасьветчыны. У ягоны музэй прыяжджаюць школьнікі з навакольных вёсак. І тут ёсьць на што падзівіцца. Як цудоўна захаваўся стары гармонік. Як тонка інкруставана старая сяміструнная гітара. Але больш за ўсё я ўразіўся дзіцячай калясцы стогадовай даўніны на каваных колцах.


Веніямін: «Унікальнасьць гэтага музэю ў тым, што 98 працэнтаў — гэта мясцовы матэрыял».

Карэспандэнт: «А гэта што такое? Дзіцячая каляска? Я думаў, што гэта чыста гарадзкая рэч».

Веніямін: «Не. Канечне, гэта дабрабыт. Бо каваная. Сюды з усяго сьвету этнографы ехалі вывучаць Палесьсе. Бо гэта зусім асобная культура. Народ унікальны. Бо жыць у тых умовах… Ізаляваныя балотамі, але яны паўнавартасна жылі. Вось паглядзіце на гэтую прасьніцу. Што ў ёй незвычайнага? Станіна ў выглядзе скрыпкі выразана. Гэта якім трэба быць селяніну! Так, традыцыйна. Але ён выразае скрыпку. І ўкладвае сюды свой сьвет. Альбо кавальская праца. Чаго толькі ня робіць каваль! Але ён можа і такую работу зрабіць».


Каваная вытанчаная кветка работы бабровіцкага каваля і станіна ў выглядзе скрыпкі выразна кажуць пра багаты эмацыйны сьвет тутэйшага люду. Які жыў ня толькі хлебам адзіным.


Падарожжы Свабоды
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG