Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат Францыі ўхваліў пэнсійную рэформу


Сэнат Францыі ўхваліў пэнсійную рэформу, нягледзячы на масавыя пратэсты і страйкі па ўсёй краіне. За прыняцьце дакумэнту прагаласавалі 177 сэнатараў, супраць – 153.

Законапраект, які цяпер ухвалілі абедзьве палаты францускага парлямэнту, набудзе юрыдычную моц пасьля таго, як яго падпіша прэзыдэнт Нікаля Сарказі. Дакумэнт прадугледжвае павелічэньне пэнсійнага ўзросту ў краіне з 60-і да 62-х гадоў.

У пятніцу пад Парыжам здарыліся сутыкненьні пратэстоўцаў з супрацоўнікамі органаў бясьпекі. Паліцыя выдаліла страйкоўцаў з прахадной нафтаперапрацоўчага заводу, які тыя блякавалі каля двух тыдняў.

З 12 кастрычніка страйкуюць 12 нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, што прывяло да перабояў з палівам у краіне.

Францускія прафсаюзы абяцаюць цягам найбліжэйшых 10-і дзён правесьці яшчэ дзьве агульнанацыянальныя акцыі пратэсту і страйкі.
XS
SM
MD
LG