Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы баяцца беларускага моўнага сцэнару


Сёньня па ўсёй Украіне заплянаваныя акцыі пратэсту, накіраваныя супраць зьнішчэньня ўкраінскай мовы. Менавіта да гэтага, на думку пратэстоўцаў, можа прывесьці прыняцьце законапраекту «Аб мовах ва Ўкраіне». У Кіеве акцыя пройдзе пад сьценамі Вярхоўнай Рады, а ў рэгіёнах - каля абласных адміністрацыяў. У Данецку, як і ў іншых традыцыйна расейскамоўных гарадах, таксама будуць пратэставаць супраць далейшай русыфікацыі.

«Ціпун вам на язык!» - з такім лёзунгам неабыякавыя да стану ўкраінскай мовы плянуюць зьвярнуцца да ўлады ў Данецку. Свой удзел у мітынгу пацьвердзілі каля паўтары сотні чалавек, сярод якіх студэнты, грамадзкія дзеячы, а таксама актыўныя пажылыя людзі.

«Акцыя заклікана спыніць палітыку лінгвацыду ва Ўкраіне. Справа ў тым, што тое, што мы бачым, зьяўляецца гістарычным прадуктам барацьбы ўкраінскай мовы на працягу апошніх трохсот гадоў - пачынаючы ад Эмскага ўказу і валуеўскага цыркуляру. І ўкраінцы ў Данецку сказалі «хопіць» усяму гэтаму, і 18-га мы выйдзем да абласной адміністрацыі і будзем яе пікетаваць », - кажа адзін з арганізатараў акцыі, член Святога брацтва праведнага Пятра Калнышэўскага Дзяніс Ткачэнка.

Пагроза беларускага сцэнару


Данеччане плянуюць паказаць невялікую тэатралізаваную пастаноўку, што праілюструе пагрозу, якую цягне за сабой прыняцьце законапраекту «Аб мовах».

«Ёсьць пагроза беларускага сцэнару. У Беларусі ў 1995 годзе расейская мова была ўведзеная як другая дзяржаўная. У выніку ў 2009 годзе беларускую мову ўжывае 1% насельніцтва. Такую самую пагрозу нясе гэты праект і для Ўкраіны. Апанэнты заўсёды кажуць: вось у Канадзе дзьве мовы, яшчэ ў Італіі чатыры мовы. Там зусім іншыя гістарычныя перадумовы і сытуацыя, і іх ніяк нельга параўноўваць з Украінай. А асабліва нас абурае тое, што ўлада, якая абяцала паляпшаць жыцьцё сёньня, замест гэтага займаецца гуманітарнымі пытаньнямі, прычым вельмі нязграбна », - кажа адна з арганізатараў мітынгу, член праўленьня Данецкай арганізацыі грамадзкай арганізацыі «Дэмакратычны альянс » Алена Матвійчук.

Праект закону «Аб мовах ва Ўкраіне» юрыдычна ўводзіць украінска-расейскае двухмоўе, якое, на думку аўтараў дакумэнту, дэпутатаў ад фракцый Партыі рэгіёнаў, Блёку Літвіна і КПУ, склалася ва Ўкраіне гістарычна.

У Данецку ўжо 15 гадоў кожная новая мясцовая ўлада спрабуе ўвесьці расейскую мову як рэгіянальную, прычым беспасьпяхова – кожны раз суды адмяняюць гэтыя рашэньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG