Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Транспартны кантроль будзе перанесены за межы "саюзнай дзяржавы"


Беларусь і Расея падпісалі пагадненьне аб пераносе транспартнага кантролю на зьнешнюю мяжу саюзнай дзяржавы.

Беларусь і Расія падпісалі міжурадавае пагадненьне аб ажыцьцяўленьні транспартнага аўтамабільнага кантролю на зьнешняй мяжы саюзнай дзяржавы. Дакумэнт падпісаны па выніках пасяджэньня Каардынацыйнай камісіі па фармаваньні і забесьпячэньні функцыянаваньня аб'яднанай транспартнай сыстэмы саюзнай дзяржавы, якое адбылося сёньня ў Менску, перадае карэспандэнт БелТА.

Міністар транспарту і камунікацый Беларусі Іван Шчэрба адзначыў, што пагадненьне дае імпульс для разьвіцьця транспартных сыстэм "Саюзнай дзяржавы". Таксама экспэрты камісіі распрацавалі праект пляну інтэграцыі транспартных структур Расеі і Беларусі на 2011—2012 гады, паведаміў міністар транспарту Расеі Ігар Лявіцін.

Як адзначыў Іван Шчэрба, пагадненьне ўвойдзе ў сілу пасьля правядзеньня ўнутрырэспубліканскіх працэдур. "За кароткі час гэтыя працэдуры мы правядзем, і пагадненьне ўступіць у сілу", — сказаў ён.

Гаворачы пра значэньне пагадненьня для разьвіцьця аб'яднанай транспартнай сыстэмы, міністар адзначыў: "Мяжы як такой з Расейскай Фэдэрацыяй цяпер ня будзе, усе транспартныя сродкі, якія ідуць на тэрыторыю Беларусі, Расеі, будуць зазнаваць адзіны кантроль на мытнай мяжы саюзнай дзяржавы".

Гэта, на думку Івана Шчэрбы, дазволіць захаваць і прымножыць дасягненьні, якія прынесла разьвіцьцё аб'яднанай транспартнай сыстэмы. "Сёньня праз Рэспубліку Беларусь праходзіць да мільёна аўтамабіляў, зь іх 400 тысяч — гэта транзыт расейскіх аўтамабіляў", — сказаў ён.

На перамовах таксама былі абмеркаваныя пытаньні далейшага супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі з улікам стварэньня Мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану, агульная пазыцыя ў рамках супрацоўніцтва зь міжнароднымі арганізацыямі. Традыцыйна былі разгледжаныя пытаньні супрацоўніцтва па ўсіх відах транспарту і па дарожным будаўніцтве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG