Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барак Абама: "Частка нашай свабоды – у тым, каб бараніць свабоду іншых"


Барак Абама прамаўляе на сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама назваў замежнапалітычныя прыярытэты сваёй адміністрацыі, падкрэсьліўшы ролю Злучаных Штатаў у адстойваньні правоў чалавека, справядлівасьці і дэмакратыі, каб гарантаваць глябальную бясьпеку і эканамічную стабільнасьць.

Выступаючы ў чацьвер на паседжаньні Генэральнай асамблеі ААН, Абама закрануў галоўныя праблемы, зь якімі сутыкнуліся Злучаныя Штаты і сьвет, і падаў прынцыпы замежнай палітыкі, якімі будзе кіравацца Вашынгтон:

“Ідэя тут простая – свабода, справядлівасьць і мір для сьвету павінны пачынацца з свабоды, справядлівасьці і міру ў жыцьці кожнага канкрэтнага чалавека. Для Злучаных Штатаў гэта пытаньне маральнай і практычнай неабходнасьці”.
Свабода, справядлівасьць і мір для сьвету павінны пачынацца з свабоды, справядлівасьці і міру ў жыцьці кожнага канкрэтнага чалавека

Абамавы словы на паседжаньні Генэральнай асамблеі ААН сталі працягам сказанага амэрыканскім прэзыдэнтам у сераду на аанаўскім саміце, прысьвечаным мэтам тысячагодзьдзя. Абама тады, у прыватнасьці, заявіў, што Вашынгтон ня будзе надалей ацэньваць сваіх скіраваных на разьвіцьцё ў розных рэгіёнах сьвету высілкаў сумамі патрачаных даляраў або колькасьцю дастаўленых прадуктаў і мэдыкамэнтаў. Паводле амэрыканскага прэзыдэнта, Вашынгтон будзе шукаць партнэраў, якія самі хочуць нарошчваць свой патэнцыял, каб дапамагчы сваім народам.

Дасюль, знаходзячыся на пасадзе прэзыдэнта, Абама настолькі моцна не падкрэсьліваў важнасьці правоў чалавека і дэмакратыі як ключавога пункту замежнай палітыкі ЗША. Наадварот, амэрыканскі прэзыдэнт зьвяртаў большую ўвагу на рэалізацыю “агульных інтарэсаў” народаў як на спосаб дасягненьня мэтаў Злучаных Штатаў у сфэры эканомікі і нацыянальнай бясьпекі.

Цяпер назіральнікі канстатуюць зьмену. З апошніх Абамавых словаў вынікае, што Вашынгтон будзе надаваць асаблівае значэньне намаганьням, якія спрыяюць эканамічным і палітычным рэформам у іншых краінах.
Мы бачым, як бясконца адкладаюцца дэмакратычныя рэформы

“Сёньня, як і ў мінулую пару эканамічнага спаду, некаторыя адстаўляюць правы чалавека ўбок у імя пэрспэктывы кароткатэрміновай стабільнасьці або памылковага ўяўленьня, што эканамічны рост можа надысьці за кошт свабоды. Мы бачым лідэраў, якія адменьваюць тэрміны паўнамоцтваў, перасьледуюць грамадзянскую супольнасьць, бачым карупцыю, што душыць прадпрымальніцтва і робіць немагчымым належнае кіраваньне. Мы бачым, як бясконца адкладаюцца дэмакратычныя рэформы”, – сказаў Абама.

З трыбуны ААН амэрыканскі прэзыдэнт заклікаў актыўна падтрымаць ЗША у змаганьні за правы чалавека і дэмакратыю тыя краіны, што ў апошнія дзесяцігодзьдзі вызваліліся ад таталітарных рэжымаў:
Не маўчэце, калі дзе ў сьвеце кідаюць у турмы іншадумцаў і зьбіваюць удзельнікаў пратэстаў, бо частка нашай свабоды якраз у тым, каб бараніць свабоду іншых

“Сьвет, да якога імкнецца Амэрыка, нам не пабудаваць самім. Для таго, каб правы чалавека затрыюмфавалі там, дзе пануе цяпер прыгнёт, нам патрэбна вашая адкрытая падтрымка. У прыватнасьці, я зьвяртаюся да тых краінаў, што вызваліліся ад тыраніі і сваім прыкладам натхнялі сьвет у другой палове мінулага стагодзьдзя – ад Паўднёвай Афрыкі да Паўднёвай Азіі, ад Усходняй Эўропы да Паўднёвай Амэрыкі. Не маўчэце, калі дзе ў сьвеце кідаюць у турмы іншадумцаў і зьбіваюць удзельнікаў пратэстаў, бо частка нашай свабоды якраз у тым, каб бараніць свабоду іншых”.

На думку Абамы, найважнейшае, што можа зрабіць улада для сваіх грамадзянаў – гэта забясьпечыць дэмакратыю, якая раней або пазьней прывядзе да росквіту. “Дэмакратыя пераможа ў сьвеце не таму, што Злучаныя Штаты навязваюць яе, а таму, што грамадзяне розных краінаў будуць патрабаваць, каб іх думку ўлічвалі ў кіраваньні дзяржаваю”, – падкрэсьліў амэрыканскі прэзыдэнт.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG