Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея дзеліць Паўночны акіян з Канадай


Канада і Расея абмеркавалі сёньня свае пазыцыі ў спрэчцы вакол акваторыі Паўночна-Ледавітага Акіяну. Міністар замежных спраў Канады Лорэнс Кэнан, які прыбыў у Маскву, сказаў, што місія яго візыту – патлумачыць новую Арктычную палітыку сваёй краіны, якая, сярод іншага, прадугледжвае большую вайсковую прысутнасьць у рэгіёне.

Расея і Канада аспрэчваюць тэрыторыю ў раёне Ламаносаўскага водападзелу. Абодва бакі выказалі намер падаць гэтае пытаньне для разгляду ў ААН.

Спрэчка паміж Даніяй, ЗША, Канадай, Нарвэгіяй і Расеяй вакол тэрыторыяў у Паўночна-Ледавітым Акіяне доўжыцца каля 40 гадоў.

Чакаецца, што ў найбліжэйшыя дзесяцігодзьдзі раставаньне ільду на Паўночным Полюсе дазволіць распачаць там глыбаводнае сьвідраваньне. Амэрыканскія геолягі ацэньваюць аб'ёмы падводных залежаў акіяну з амаль два мільярды тон нафты і траціну сусьветных рэзэрваў натуральнага газу.

Раней у верасьні пагадненьне аб падзеле сваіх акваторыяў падпісалі Расея і Нарвэгія.
XS
SM
MD
LG