Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сорамна за беларускія спэцслужбы”


Слухачы абмяркоўваюць праблемы тых беларусаў, якія выяжджаюць на заробкі ў Расею, выказваюцца наконт шантажу і запалохваньня незалежных журналістаў.

У пошуках працы і заробку многія беларусы зьяжджаюць у суседнюю Расею — на будоўлі. На гэты конт званок нашага слухача:

«У 1992 годзе запрасілі мяне на працу ў Маскву. Грошай заплацілі шмат, але атрымаў там траўму, якая баліць да сёньняшняга дня. Грошы хутка скончыліся, а лячыцца даводзіцца і цяпер. Таму нельга верыць Маскве, і ня раю туды езьдзіць».


Камэнтуе праваабаронца Валяцін Стэфановіч:

«Працоўная эміграцыя ў Расею ёсьць сур’ёзнай праблемай, паколькі людзі, якія прыяжджаюць туды на працу, даволі часта працуюць па-за праўным полем, напрыклад, не заключаюць кантрактаў з працадаўцам. Даволі шмат фактаў, калі людзі атрымліваюць траўмы і нават гінуць там на прадпрыемствах. Гэтым людзям не выплачваюць ніякіх кампэнсацый у зьвязку з атрыманай шкодай для здароўя. Бывае, што людзей, якія адпрацуюць пэўны час, выганяюць бяз выплаты грошай. Спагнаць потым заробкі вельмі цяжка. Апроч таго, ёсьць верагоднасьць патрапіць у рабства, калі ў людзей адбіраюць пашпарты, прымушаюць працаваць і трымаюць пад аховай, каб не ўцяклі».

Наш слухач, пачуўшы, што шэф-рэдактарка «Народнай Волі» Сьвятлана Калінкіна атрымала паштоўку з пагрозамі ад невядомых людзей, выказаў сваё абурэньне:

«Лукашысты зьдзяцінелі, Сяргей Дубавец слушна заўважыў на падставе іхнай акцыі „НТВ сьмярдзіць“. Вось зараз даслалі паштоўку з пагрозамі Сьвятлане Калінкінай. Пачалося паляваньне на здраднікаў. Гэта цытата зь дзіцячага фільма „Госьця з будучыні“. Там адзін станоўчы герой выявіў гераізм, прамовіў: „Пачаўся сэзон паляваньняў на напалеонаў“. Калі б я пісаў такую пагрозу, я б напісаў тое самае, акрамя паляваньня на здраднікаў і акрамя дарослага слова. Сорамна становіцца за беларускія спэцслужбы. Некаторыя так і засталіся ў піянэрскім дзяцінстве».

Лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч камэнтуе гэты званок:

«Мне падаецца, што яны дэманструюць, што выкарыстоўваюць усе мэтады, каб трымаць рэжым пры ўладзе, і не цураюцца нічога.

Мы ня ведаем, хто канкрэтна даслаў Сьвятлане Калінкінай паштоўку пагрозьлівага зьместу. Зразумела толькі тое, што гэта абсалютна нахабнае дзеяньне. Гэта сьведчыць пра тое, што зрабілі гэта людзі абсалютна недалёкія».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё «Свабода».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG