Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У затрыманай на Дзень волі актывісткі такі не знайшлі складу злачынства


Таіса Кабанчук
Таіса Кабанчук
Бабруйскі гарадскі суд 31 жніўня паўторна разгледзеў справу па абвінавачаньні кіраўніцы Магілёўскай абласной арганізацыі БХД Таісы Кабанчук у супраціве міліцыянтам пры затрыманьні 25 сакавіка.

Пасьля двух з паловай гадзінаў разгляду і выступленьня васьмі сведак судзьдзя пастанавіла закрыць справу дзеля адсутнасьці складу злачынства.

Таіса Кабанчук: «Судзьдзя намагалася даведацца, на якой падставе міліцыянты Мінін і Шкрадзюк, якія мяне затрымлівалі, падрыхтавалі рапарт аб тым, што я аказвала супраціў. Аднак яны не здолелі гэтага растлумачыць. Я мяркую, што судзьдзя вымушана была вынесьці справядлівы вырак, бо, па-першае, справа была яўна „шытая белымі ніткамі“. А па-другое, напярэдадні выбараў улады, напэўна, ня хочуць даваць нагоду нэгатыўна ацэньваць іх дзеяньні».

Таісу Кабанчук затрымалі 25 сакавіка на бабруйскім чыгуначным вакзале, калі яна зьбіралася сесьці ў цягнік на Менск, каб удзельнічаць у сьвяткаваньні Дня Волі. Жанчына паведаміла, што міліцыянты пашкодзілі ёй руку і зламалі акуляры. Яны тлумачылі, што нібыта маюць інфармацыю, паводле якой Таіса перавозіць наркотыкі. У пастарунку міліцыі пасьля перагляду рэчаў на Таісу Кабанчук склалі пратакол за непадпарадкаваньне міліцыянтам. Яе хацелі судзіць у дзень затрыманьня, але жанчына запатрабавала адваката. Таіса заявіла, што яе затрымалі выключна з палітычных меркаваньняў.

Прызначаны на 31 сакавіка суд быў перанесены.

Пазьней Кабанчук паведамілі, што Бабруйскі суд разгледзеў справу пра супраціў міліцыянтам і прызнаў яе вінаватай, але вырашыў не караць. То бок справа была разгледжаная без прысутнасьці абвінавачанай. Таісія Кабанчук падала з гэтай нагоды скаргу ў пракуратуру. Цяпер Бабруйскі суд быў вымушаны разгледзець справу наноў, паведамляе прэсавая служба БХД.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG