Брытанія папярэдзіла Лібію, што любое сьвяткаваньне гадавіны вызваленьня Абдэльбасэта Меграгі будзе разглядацца як шкода двухбаковым дачыненьням. Меграгі быў адзінай асобай, асуджанай за выбух самалёта над шатляндзкім горадам Локербі ў 1988-м годзе, калі загінула 270 чалавек. Улады Шатляндыі вызвалілі Меграгі 20 жніўня летась, пасьля таго, як дактары засьведчылі, што ён сьмяротна хворы на рак і яму засталося жыць некалькі месяцаў. Такім чынам абвінавачаны тэрарыст адсядзеў восем гадоў з пажыцьцёвага тэрміну і вярнуўся ў Трыпалі, дзе быў прывітаны як герой. Меграгі дагэтуль жывы і спрэчкі вакол яго вызваленьня ўзнаўляюцца . Нядаўна прагучалі абвінавачаньні на адрас нафтавай кампаніі Брытыш Пэтролеўм, якая нібыта дапамагла вызваленьню Меграгі з тым, каб забясьпечыць сабе выгадны кантракт зь Лібіяй.