Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейшчына: ня вабіць людзей лёд у палацах


Хакейны палац у Бабруйску
Хакейны палац у Бабруйску
На Берасьцейшчыне пачалі ўзводзіць чарговы лядовы палац — у райцэнтры Драгічын. Між тым раней пабудаваныя палацы ў Бярозе, Кобрыні і Пружанах акупіць сябе ня могуць.

У Драгічыне жыве 15 тысяч чалавек, у раёне ў цэлым — каля 43 тысяч. Са спартовых аб'ектаў тут ёсьць басэйн і стадыён у гарадзкой гімназіі. Пэрспэктыва атрымаць новы аб’ект радуе ня ўсіх. Гаворыць жыхар Драгічына:

"Хто будзе наведваць гэты палац — я ня ведаю. Хіба што гвалтоўна будзе прымушаць наведваць яго міліцыя, або настаўнікі будуць прымушаць. Мясцовыя людзі лічаць, што рашэньне аб будаўніцтве палаца — абсурд, няма куды дзяваць грошы".

Мясцовыя жыхары кажуць, што грошы неабходна ўкладаць у рэканструкцыю шпіталяў, іншых аб’ектаў сацыяльнай сфэры, ствараць новыя працоўныя месцы. Але рашэньне ўжо ўхваленае, на гэтым тыдні будаўніцтва пачалося. Паводле праекту драгічынскі лядовы палац будзе падобны да пружанскага, яго мяркуюць збудаваць цягам двух наступных гадоў. Агульная плошча комплексу — больш за 2,5 гектара.

Лядовы палац у Пружанах быў здадзены ў 2007 годзе. Дырэктар Пружанскага лядовага палаца Васіль Зуй кажа, што цяпер працаваць даволі складана. Ратуе сытуацыю толькі тое, што прыяжджаюць на трэніроўкі спартоўцы з Расеі:
вызначаны бюджэт мы ня можам выканаць ...

"Мы зарабляем на бягучыя выдаткі: аплату цяпла, электраэнэргіі, выплату заробкаў. Але вызначаны бюджэт мы ня можам выканаць, у нас паводле пляну вызначана мільярд чатырыста тры мільёны. Мы ня здолеем столькі зарабіць".

Спачатку ахвотных пакатацца на каньках было багата, кажуць мясцовыя жыхары, але цяпер ахвота зьнікла. Каштуе паход на штучны лёд восем тысяч рублёў.

У Кобрыне, дзе нядаўна была пабудавана лядовая арэна, спачатку таксама была даволі значная цікавасьць да яе. Але цяпер сытуацыя зьмянілася, кажа мясцовы жыхар Сьцяпан Давыдзюк:

"Наколькі мне падаецца, такі палац занадта шыкоўны для нашага гораду. Дый не такі ён і танны і для людзей, і для гораду. Вядома, каб мы былі багацейшыя, то было б някепска. Але ў такіх варунках — ня вельмі добрая ідэя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG