Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяжка разумець, што дзіця „ўтылізуюць“». Споведзь маці, якая не змагла пахаваць ненароджанага сына


«Дагэтуль шкадую, што не настаяла, каб мне хаця б паказалі дзіця. Я ўжо не кажу пра тое, каб патрымаць», — кажа Вера. Цяпер яе ненароджанаму сыну было б восем месяцаў. Маці машынальна адлічвае ягоны ўзрост, хоць не змагла пахаваць яго па-людзку і ня ведае, дзе цяпер ягонае цельца памерам з далонь.

Чацьвёртага дзіцяці не чакалі

«Мяне ніхто не разумеў. Ня толькі лекары. Бацькі мужа былі ў шоку. Яны прымалі мяне за вар’ятку. Многія глядзелі на мяне, як на дурніцу. Дзяўчатам па палаце падавалася, што ў мяне заскок», — успамінае жанчына падзеі, якія адбыліся год таму.

Пра цяжарнасьць гарадзенцы Рыгор і Вера (імёны герояў зьмененыя на іхную просьбу) даведаліся паўтара года таму. Абодвум каля сарака. Выхоўваюць траіх дзяцей. Сям’я інтэлігентная, забясьпечаная. Але навіна стала нечаканай і цяжкай для ўсіх. Самага малодшага, у адрозьненьні ад папярэдніх, не плянавалі.

Цягам гадзіны Вера зразумела, што зрабіць аборт яна ня здолее.

«Раней пры слове „аборт“ я думала, што ўсё стане, як раней. А тады асэнсавала, што, як раней, ня будзе. Ты будзеш разумець, што гэтае дзіця было і ты сам забраў у яго жыцьцё», — кажа маці.

Рыгор думаў некалькі дзён. І ўрэшце зрабіў выснову:

«Чаго мы мітусімся? Няўжо ў нас ёсьць нейкі выбар: даць чалавеку жыцьцё або ня даць? Ці мы павінны яго рабіць?».

І ўсім стала лягчэй.

«Гэта была ня „чыстка“. Я мусіла нарадзіць сама»

Аднак празь некалькі месяцаў у Веры паднялася тэмпэратура, зьявілася слабасьць аж да страты прытомнасьці, галаўны боль. Жанчына з крывацёкам трапіла ў шпіталь. УГД паказала: сэрца малога ня б’ецца, плод замёр на тэрміне 14-15 тыдняў, каля месяца таму. Цельца малога пачало гнісьці ва ўлоньні. Гэта выклікала інтаксыкацыю ў маці. На наступны дзень выклікалі штучныя роды, бо тэрмін быў большы за 12 тыдняў.

«Я ня ведала, як гэта адбываецца. Яны ж нічога ня кажуць. Гэта была ня „чыстка“. Я мусіла нарадзіць сама», — прыгадвае жанчына.

Паміж увядзеньнем стымулятару і нараджэньнем ужо памерлага дзіцяці прайшлі амаль суткі. Лекарка сказала, што будзе балець ніз жывата. Схваткі не дайшлі да апошніх, самых моцных.

«Але гэта сапраўдныя роды. Адчуваеш, як дзіця выпадае зь цябе. Акушэрка сказала: „У вас хлопчык“», — Вера расказвае сваю гісторыю роўным голасам.

Яна папрасіла паказаць ёй дзіця. Акушэрка адмовілася: «Будзе ў цябе ў вачах пасьля стаяць». Панесла яго ў ракавіну паліваць вадой. Краем вока, лежачы на крэсьле, маці ўбачыла, што малы цалкам зьмяшчаецца ў далоні, відаць была толькі галоўка памерам з буйную сьліву.

Паводле закону гэты працэс яшчэ ня лічыцца родамі, калі тэрмін цяжарнасьці меншы за 22 тыдні. У паперах значыўся выраз «самавольны выкідыш».

«Што там забіраць? Дзьвесьце грамаў?»

Думка пахаваць малога ў жанчыны зьявілася адразу. Потым на інтэрнэт-форумах прачытала, што падобнае жаданьне ёсьць у многіх, хто страціў дзіця.

Першы чалавек, у якога Вера запыталася, ці можна забраць цела, была ўрач-акушэрка.

«Яна з такімі вачыма на мяне: «Ты што, звар’яцела? Што там забіраць? Дзьвесьце грамаў? Ніхто так ня робіць. У нас, праўда, быў такі выпадак, але гэта былі нейкія чокнутыя», — прыгадвае словы лекаркі жанчына.

Муж на ейную прапанову адказаў толькі: «Калі трэба, давай. Але дзе мы яго пахаваем?». У іх не было даведкі ні аб нараджэньні, ні аб сьмерці. Як варыянт, падумалі закапаць побач з пахаваньнем аднаго крэўнага.

«Бацькі мужа былі ў шоку. Вырашылі, што ў мяне на гэтай глебе паехаў дах. Знаёмая, якая была ў падобнай сытуацыі, запыталася: „Спадзяюся, табе дзіця не паказалі?“» — кажа Вера.

На чарговы запыт парадзіхі ў шпіталі лекарка адказала: «Не належыць. Мы аддаём цела на экспэртызу».

Патэлефанаваўшы ў морг, куды накіроўваюць парэшткі, маці зразумела, што ейная просьба не адзіная, бо ня выклікала зьдзіўленьня супрацоўніцы.

«У вас былі ня роды, а цяжарнасьць, якая не разьвівалася. На такім тэрміне гэта яшчэ не дзіця... У нас яго ўжо няма», — урэшце адказала яна Веры.

Ніхто не сказаў наўпрост, што зрабілі зь целам.

«Напэўна, у іх ёсьць нейкі кантэйнэр, куды іх скідваюць. Цяжка разумець, што тваё дзіця „ўтылізуюць“, проста выкідаюць у сьметніцу. Для мяне ён такое ж дзіця, як і ўсе мае дзеці», — з паўзамі гаворыць жанчына.

«Нават слова „дзіця“ не фігуруе»

Адным зь галоўных жаданьняў маці пасьля выпіскі са шпіталю стала гаварыць пра страчанага сына, асабліва з тымі, хто перажыў падобнае. Аднак амаль не было з кім.

З роднымі бацькамі Вера зусім не размаўляла пра страту, нібыта яе і не было. Тыя цікавіліся выключна ейным станам здароўя. Муж таксама хваляваўся хутчэй за жонку.

З усіх навокал зразумела толькі адна сяброўка, якая раней мела спарон. «Ведаеш, гэта на ўсё жыцьцё», — сказала яна. Ды малая дачка распытвала, куды падзеўся брацік. Для астатніх тэма стала забароненай.

Вера ўсё паўтарае, што малодшы сын для яе — не эмбрыён і не зародак.

«Мне думаецца, што кожная жанчына адчувае дзіця як дзіця з самых першых дзён. Зразумела, што на мэдыцынскім узроўні гэта эмбрыён. Але такое стаўленьне перакрэсьлівае, што дзіця было. Нават слова „дзіця“ не фігуруе», — кажа яна.

«Разьвітацца з загінулым дзіцем шмат каму здаецца вар’яцтвам»

Жанчына думае пра страчанага сына штодня, бачыць у сьне.

«У мяне ня трое дзяцей, а чацьвёра. Ён штодня са мной, а я зь ім. Я не хацела сябе накручваць. Але тыдні адлічваюцца самі сабой: вось я б пайшла ў дэкрэт, вось яму б споўнілася два, тры, пяць месяцаў. Цяпер ужо спакайней гляджу на цяжарных. Але не пакідае адчуваньне, што ў мяне павінна нарадзіцца дзіця», — кажа яна.

Што б зьмянілася, калі б Вера здолела пахаваць ненароджанае дзіця?

Яна б ведала, што зь ім абышліся па-чалавечы, ня выкінулі на сьметніцу, як непатрэбную рэч.

Жанчына разважае пра тое, што целы спачылых родных нікому не прыходзіць у галаву аднесьці на сьметнік або пакінуць у моргу. Дый хатніх гадаванцаў гаспадары нелегальна закопваюць у лясах, а не аддаюць на палігон цьвёрдых адкідаў, на агульную звалку, як належыць па законе. Нават са старымі рэчамі, паводле сучасных тэндэнцый, сёньня раяць разьвітвацца, кажа яна.

«А разьвітацца з загінулым унутрывантробна дзіцем чамусьці многім здаецца варʼяцтвам. Мне хацелася б пакласьці яго хоць у нейкую пялюшку, разьвітацца зь ім у апошні раз з дапамогай прынятага ў нашай культуры рытуалу пахаваньня», — кажа маці.

Яна дагэтуль адчувае трывогу, быццам бы кінула сваё жывое дзіця ў небясьпецы і няма магчымасьці выйсьці зь ім на сувязь. Таму хоча забраць яго адтуль, абараніць. Адзіны выхад, які яна знайшла, — быць побач з малым думкамі.

Вера разумее, што ня ўсе сем’і гатовыя бачыць сваіх ненароджаных мёртвых дзяцей, некаторыя баяцца іх. Яна мяркуе, што ў сытуацыі страты дзіцяці мусіць быць дакладны пункт у інструкцыях мэдыкаў, дзе тыя б высьвятлялі, ці бацькі хочуць забраць парэшткі.

Псыхоляг: варта перажыць жалобу цягам году

Псыхоляг і кіраўнічка цэнтру «Шчасьлівы малыш» Ірына Шмак, якая працуе зь сем’ямі ў цяжкіх жыцьцёвых сытуацыях, расказала, як можна перажываць страту ненароджанага дзіцяці.

Ірына Шмак
Ірына Шмак

«Бацькі натуральна адчуваюць вельмі глыбокі боль, калі страчваюць ненароджанае чаканае дзіця. Варта гэта ўбачыць у сабе. Бо часам жанчыны кажуць, што ў іх усё добра, і не дазваляюць сабе перажыць жалобу», — мяркуе псыхоляг.

Неперажыты боль, паводле яе, застаецца з чалавекам і псуе жыцьцё. Жанчына тады, замест таго, каб загойваць раны, пачынае шукаць вінаватых, замыкаецца ў сабе, хваравіта рэагуе на цяжарных і маці немаўлят, адмаўляе мужу ў інтымнай блізкасьці, можа пачаць злоўжываць алькаголем.

Ірына Шмак заўважае са сваёй практыкі, што грамадзтва часта забараняе перажываць маці жалобу па ненароджаным дзіцяці, называе гэта глупствам, маўляў, будуць яшчэ дзеці.

Псыхоляг мяркуе, што добра было б перажыць жалобу цягам году па страчаным дзіцяці, як і па іншым памерлым родным. Варта забраць парэшткі дзіцяці, даць яму імя, разьвітацца зь ім, пахаваць яго і мець магчымасьць наведваць пахаваньне. Калі бацькі не забралі своечасова цела, можна прайсьці той жа працэс постфактум: даць імя, разьвітацца зь дзіцем у думках, зрабіць яму хаця б сымбалічны помнік.

«Плод» і «дзіця»

Паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя, шэраг фактараў уплывае на тое, што ненароджанага малога назавуць «дзіцем», а ня «плодам»: тэрмін цяжарнасьці звыш 22 тыдняў, фактар жыванароджанасьці (дзіця рухаецца, крычыць, плача), вага болей за 500 грамаў.

Да 22 тыдняў гэта «плод», а ягоная страта — «спарон».

«Правы на біяматэрыял» — спрэчнае пытаньне

Кіраўніца ініцыятывы «Радзіны» Вераніка Заўялава тлумачыць, што «правы на біяматэрыял, аддзелены ад чалавечага цела» — спрэчнае пытаньне. Заканадаўства не зьмяшчае агульных палажэньняў на гэты конт. Шэраг палажэньняў маецца ў актах спэцыяльнага заканадаўства, напрыклад, аб донарстве.

Вераніка Заўялава
Вераніка Заўялава

Паводле яе, адпаведная праблема правоў на біяматэрыял мае цяпер значэньне ня столькі для практычнай дзейнасьці мэдыкаў, колькі для юрыстаў, якія афармляюць дакумэнты для арганізацыі працы фармацэўтычных вытворчасьцяў, а таксама навуковых арганізацый і падразьдзяленьняў буйных клінік. Але гэта можа ўступаць у супярэчнасьць з правамі асобы ўласьніка гэтага біяматэрыялу з пункту гледжаньня грамадзянскага права.

«Тут ёсьць праблема статусу эмбрыёна, якая ў розных супольнасьцях і краінах абмяркоўваецца па-рознаму. Гэта пытаньні біяэтыкі, — адзначае Вераніка Заўялава. — У нашай дзяржаве часта публічна падтрымліваюць рэчы, якія можна лічыць маніпуляцыяй, дыскрымінацыяй ці замахам на права прыняцьця рэпрадуктыўнага рашэньня жанчынай. Гэта згадкі і пра „забойства“ эмбрыёна, і пра адзіную важную ролю жанчыны нараджаць і гадаваць дзяцей. Але калі жанчына перажывае свой рэпрадуктыўны досьвед, правы на асабістае рашэньне, падтрымку і псыхалягічныя патрэбы за ёй часта не прызнаюцца».

Кіраўніца ініцыятывы «Радзіны» адзначыла, што ўсім, хто цяпер не перажывае гэты досьвед, варта ў камунікацыі з жанчынамі быць асьцярожным і гуманным, пачынаючы з тэрміналёгіі.

«Жанчына, якая перажывае цяжкі рэпрадуктыўны досьвед, можа ствараць і перажываць уласную рэальнасьць, чакаць і шукаць прафэсійнай падтрымкі», — кажа Вераніка Заўялава.

Яна мяркуе, што ў Беларусі няма працэдур і стандартаў псыхалягічнай падтрымкі жанчын у такіх сытуацыях, няма разуменьня, што яна неабходная. У лепшым выпадку псыхоляг у радзільні прапануе нейкую агульную падтрымку.

Як забраць?

Як патлумачылі Свабодзе некалькі крыніц, закон не абавязвае лекараў пытацца ў бацькоў, ці яны будуць забіраць цела загінулага дзіцяці, хаця ў некаторых шпіталях гэтае пытаньне ёсьць па інструкцыі. Звычайна на позьніх тэрмінах мэдыкі натуральна задаюць гэтае пытаньне.

Большасьць бацькоў забірае парэшткі, калі дзіцяці было больш за 30 тыдняў, на меншых тэрмінах — радзей, да 22 тыдняў, — просяць вельмі рэдка. У апошнім выпадку дамаўляюцца індывідуальна, хоць забіраць і «не належыць».

Куды ідуць парэшткі ненароджаных дзяцей?

Пасьля сьмерці цела малога, а таксама плацэнту перадаюць у паталяга-анатамічнае бюро на дасьледаваньне, каб высьветліць, ад чаго спынілася цяжарнасьць.

Калі пасьля гэтага бацькі не забіраюць цела, яго спальваюць у печы пры шпіталі разам зь іншымі непатрэбнымі рэчамі: сродкамі гігіены, інструмэнтамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG