Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мыта на замежныя аўтамабілі: што ў Эўразійскім саюзе можна Кіргізстану, але нельга Беларусі


Аўтарынак каля Бішкеку
Аўтарынак каля Бішкеку

У Кіргізстане зьніжаныя тарыфы на мытнае афармленьне імпартаваных аўтамабіляў — да ўзроўню 2014 году.

Адпаведная пастанова ўраду была падпісаная 10 ліпеня сёлета. Стара-новыя тарыфы на размытненьне пачалі дзейнічаць з 25 ліпеня. Іх дзеяньне будзе працягвацца да 1 студзеня 2020 года.

Паводле міністэрства эканомікі Кіргізстану рашэньне пра вяртаньне ранейшых ставак мыта і імпартныя аўтамабілі не супярэчыць нормам Эўразійскага эканамічнага саюзу.

На якой падставе былі зьніжаныя тарыфы

Паводле міністэрства «у пункце 26 Дамовы з ЭАЭС вызначана, што з даты ўступленьня ў сілу дамовы і да 1 студзеня 2020 году ў Кіргіскай Рэспубліцы не ўжываюцца стаўкі мытных пошлін і падатку, устаноўленых гэтай дамовай. Гэта значыць, што Кіргізстан забраніраваў сабе права ўсталёўваць свае стаўкі да 1 студзеня 2020 году».

У Кыргызстане з 2014 году паступова падвышалі мытныя стаўкі на ўвоз аўтамабіляў. Чакалася, што да 2019 года яны павялічацца ў 20 разоў. Цяпер урад на год і 5 месяцаў вярнуў становішча, якое існавала да 2014 году. З 1 студзеня 2020 году ў краіне павінныя будуць усталяваныя тая ж мытныя стаўкі на імпартныя машыны, як і ў Беларусі, і ў Расеі.

Ці нашмат патаньнеюць аўтамабілі для грамадзянаў Кіргізстану

Але зараз мыта зьніжаецца вельмі істотна. Скажам, для аўтамабіляў 2008 года выпуску з аб’ёмам рухавіка да 3 л ад 25 ліпеня каэфіцыент на размытненьне 0,4 даляра за кубічны сантымэтар. Для параўнаньня, з 1 студзеня 2018 году да 25 ліпеня гэты тарыф складаў 4,1 даляра за кубічны сантымэтар. Такім чынам, зьніжэньне тарыфу па гэтай клясе машын складзе 90%. Па астатніх пазыцыях патаненьне складзе прыкладна 60% −70%. Гэта тычыцца аўтамабіляў з бэнзінавымі і дызэльнымі рухавікамі.

На электрамабілі ўведзеная нулявая стаўка мытных пошлін і падаткаў, на аўто з гібрыднымі рухавікамі — да 0,5-0,6 даляраў за кубічны сантымэтар.

Сытуацыю камэнтуе аглядальнік кіргіскай службы Свабоды Бакыт Асанаў:

Бакыт Асанаў
Бакыт Асанаў

«У 2014 годзе урад падвысіў тарыфы на размытненьне імпартных аўтамабіляў. Былы ўрад хацеў як мага хутчэй адаптавацца да ўмоваў Эўразійскага эканамічнага саюзу. у нас у 2014 годзе было пэўнае грамадзкае абурэньне адносна тагачаснага ўраду — чаму яны так сьпяшаліся.

Гэты вялікі адаптацыйны пэрыяд (да 2020 году) для Кіргізстану тычыцца толькі мыта на аўтамабілі, усе астатнія нормы — фітасанітарныя, ветэрынарныя, працуе з пачатку ўступленьня Кіргізстану ў ЭАЭС у 2015 годзе. Ніякіх пярэчаньняў наконт рашэньня ўраду аб зьніжэньні мыта на імпартныя аўтамабілі не было ані з боку Эўразійскай эканамічнай камісіі, ані з боку расейскіх ці казахстанскіх уладаў. Прынамсі, мы пра такія пэрэчаньні ня чулі».

Свабода запыталася, ці ня будуць кіргіскія пакупнікі вымушаныя ўсё ж плаціць за імпартаваныя аўтамабілі агульную па ЭАЭС, высокую стаўку мыта, калі яны павязуць машыны з Літвы, Польшчы ці Нямеччыны празь Беларусь, Расеі і Казахстан, бо іншага простага шляху, каб прывезьці машыну зь Эўропы ў Кіргізстан, і няма. Асанаў адзначыў, што стара-новае мыта дзейнічае зусім кароткі тэрмін, пакуль такіх выпадкаў не было. Аднак, паводле яго, гэта не азначае, што іх і ня будзе.

Як беларусаў выкарыстоўваюць для ўвозу ва Ўкраіну аўтамабіляў на нумарах Эўразьвязу

У Беларусі ўсталяваньне высокага, агульнага ў межах ЭАЭС, адбылося 1 ліпеня 2011 году. Гэтыя пляны выклікалі тады надзвычай нэгатыўную рэакцыю грамадзтва, публічныя пратэсты, былі спробы ініцыяваць правядзеньне рэфэрэндуму аб тым, каб не мяняць стаўкі мытных пошлінаў на імпартныя аўтамабілі.

Аднак у Беларусі адпаведны адаптацыйны пэрыяд што да мыта на аўтамабілі дзейнічаў усяго адзін год. Кіргізстан, як бачым, здолеў дамагчыся больш працяглага часу на ўніфікацыю ўласнага мытнага заканадаўства з заканадаўствам ЭАЭС.

Кіргізстан спачатку, напярэдадні ўступленьня ў саюз, пачаў падвышаць мытныя стаўкі, аднак, у адрозьненьні ад Беларусі ў 2010-2011 гадах, гэта рабілася паступова. А сёлета кіргіскі ўрад даў наагул задні ход, скарыстаўшыся правам, агавораным у дамове аб уступленьні краіны ў ЭАЭС.

Беларускі ўрад у 2010 годзе спрабаваў адмовіцца ад падвышэньня мыта на імпартныя аўтамабілі, але гэта не атрымалася. Тады паведамлялася, што Расея настойвала на тым, каб новае мыта на імпартныя аўто пачало дзейнічаць у Беларусі і Казахстане наагул з ліпеня 2010 году. Атрымалася адтэрмінаваць яго ўвядзеньне ўсяго на адзін год.

Балтыйскі рэсурс Delfi паведаміў, што літоўскія аўтадылеры ўжо чакаюць пакупнікоў з Кіргізстану, якія пасьля зьніжэньня мыта будуць з большай ахвотай купляць эўрапейскія аўто.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG