Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцыі: як не атруціцца


Дзяржстандарт Беларусі прызнаў, што самым небясьпечным прадуктам у нашых крамах зьяўляюцца спэцыі. Што рабіць, каб пазьбегнуць непрыемнасьцей?

Чатырнаццатага сьнежня Дзяржстандарт Беларусі апублікаваў прэс-рэліз зь нечаканай высновай. Зь яго вынікае, што адным з самых небясьпечных прадуктовых тавараў у беларускіх крамах зьяўляюцца прыправы і спэцыі. Згадваюцца розныя гандлёвыя маркі: куркума, кары, прыправы для рыбы і шашлыку ад «Вкус мастера», кары ад «Papry», заправа для сьвініны «Приправка», прыправа «Degusta» з кропам ад «Vitpol», хмелі-сунелі «7 страў», чорны молаты перац «Приправка» і «Эстетика вкуса». Вышэйназваныя прыправы вырабляюцца ў Польшчы, Расейскай Фэдэрацыі, Украіне.

На гэтыя прыправы выдадзеная забарона на ўвоз і абарачэньне на рынку краіны. Таксама спынена альбо прыпынена дзеяньне дэклярацый аб адпаведнасьці на гэтыя тавары, якія пацьвярджаюць іх адпаведнасьць патрабаваньням тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу «Аб бясьпецы харчовай прадукцыі».

Па выніках выпрабаваньняў адабраных пробнікаў, праведзеных у акрэдытаваных выпрабавальных лябараторыях, у прыправах былі знойдзеныя неадпаведнасьці патрабаваньням па мікрабіялягічных паказчыках: значнае перавышэньне нормаў па колькасьці мікраарганізмаў, цьвіль і бактэрыі кішачнай палачкі. Асноўнай прычынай у Дзяржстандарце называюць якасьць сыравіны, якая пастаўляецца ў асноўным з краін Паўднёва-Усходняй Азіі, недастатковы ўзровень санітарна-гігіенічнага стану вытворчасьці і схем кантролю мікрабіялягічных паказчыкаў.

Сухі прэс-рэліз адлюстроўвае вядомую скандальную сытуацыю. Прадукцыя, якая паступае з Паўднёва-Усходняй Азіі, у прыватнасьці зь Індыі, мае дрэнную рэпутацыю на ўсім міжнародным рынку. Мясцовая сыравіна мае вельмі нізкі сабекошт, але належны кантроль за якасьцю і бясьпекай адсутнічае. Зусім нядаўна стала вядома, што тры чвэрці ўсіх харчовых дабавак з Індыі ўтрымліваюць зусім ня тое, што напісана на ўпакоўцы. Гэта значыць, што з 10 харчовых дабавак толькі 3 адпавядаюць таму, што напісана на этыкетцы. Такі несумленны бізнэс на падробках можа прывесьці ў лепшым выпадку да сапсаванага смаку, а ў горшым — да інтаксыкацыі.

На жаль, ад атручваньня харчовымі прадуктамі не застрахаваны ніхто. Не існуе і абсалютна бясьпечнага прадукту, таму што любы прадукт можа быць атручаны мікраарганізмамі звонку, напрыклад, пры кантакце з заражаным чалавекам ці жывёлай. Да самых небясьпечных прадуктаў, аднак, адносяцца ня спэцыі, а мяса, рыба і морапрадукты, яйкі і малако. Я ўжо пісала пра важнасьць асноўных правілаў гігіены ў кухні, а таксама раіла па меры магчымасьці як найчасьцей ужываць часнок, які вас узмоцніць.

Кантроль харчовых прадуктаў заўсёды выяўляе хібы, ва ўсіх краінах. Напрыклад, кантроль за ўзроўнем пэстыцыдаў заўсёды выяўляе вельмі высокі адсотак перавышэньня нормы ў садавіне і гародніне. На жаль, працэс кантролю (паўсюль у сьвеце) праводзіцца не рэгулярна, а спарадычна. Гэта значыць, што органы кантролю выбіраюць у адвольным парадку пастаўшчыка або прадаўца (гандлёвую сетку), робяць забор прадуктаў, адвозяць іх у лябараторыю і вымяраюць узровень хімікатаў.

Хатні кантроль вашай палічкі са спэцыямі дарэчы, нават калі ў вас няма хімічнай лябараторыі. Ведаючы, што мікраарганізмы маюць звычку памнажацца ў адкрытых сумесях з доступам паветра, вазьміце хаця б за правіла не захоўваць пачатыя пакецікі са спэцыямі доўга, правяраць дату прыдатнасьці. Да таго ж большасьць добрых кухароў ужо даўно адмовіліся ад гатовага молатага перцу а ўжываюць млынок на перац.

Супэрмаркеты набліжаюць нам смакі міжнароднай кухні ў тым ліку і праз экзатычныя спэцыі. Але, паспрабаваўшы ўсяго, нярэдка людзі вяртаюцца да сваіх традыцыйных смакаў. Прыгадаю, як прыправы да верашчакі апісвае ў «Новай зямлі» Якуб Колас:

Цыбуля, перчык, ліст бабкоў
Ды сальца некалькі брускоў,
Мука і квас — і ўся прыправа
Але ўсё ж сьнеданьне цікава.


Да беларускіх традыцыйных спэцый адносяцца кроп, кмін, каляндра, пятрушка. Рэкамэндую вам зьбіраць іх летам і замарожваць. Пры замарозцы, дарэчы, добра захоўваюцца вітаміны, лепей, чым пры сушцы. Паспрабуйце хатнія спэцыі перад прыгатаваньнем крыху падсмажыць на сухой патэльні — напрыклад, вельмі смачнымі стануць кмін і асабліва каляндра.

Дарэчы, лісткі каляндры — гэта тое, што грузіны называюць кіндза, яны маюць вельмі моцны арамат. Гарбузовая поліўка з лісткамі каляндры — добрае спалучэньне. Той, хто ведае зерне каляндры толькі з корачкі «Барадзінскага хлеба», можа паспрабаваць яе камбінацыю са смажаным мясам — зярняткі трэба растаўчы ў ступцы і мяса пасыпаць. Вараную бульбу можна зрабіць больш далікатнай, дадаўшы пры варцы ня толькі насеньне кміну, але і кропу.



І яшчэ адно правіла: чым больш якасны прадукт, тым менш ён патрабуе спэцый!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG