Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў ААН казаў пра маральныя каштоўнасьці, цытаваў Эйнштэйна і Мандэлу


У Нью-Ёрку Аляксандар Лукашэнка выступіў у агульнай дыскусіі на 70-й сэсіі Генасамблеі ААН.

«З поўнай упэўненасьцю магу запэўніць усіх, што анархіі, бязьмежжу і гвалту ніколі ня будзе месца на беларускай зямлі — ні пад якімі лёзунгамі, у тым ліку дэмакратыі. Мы дастаткова моцныя і ўпэўненыя ў сабе, каб не дапусьціць іх прыходу да нас звонку! Стабільная Беларусь па-ранейшаму будзе заставацца донарам рэгіянальнай і міжнароднай бясьпекі», — заявіў кіраўнік Беларусі.

Падчас выступу ён пазначыў шэраг глябальных праблемаў, якія, на яго думку, стаяць перад сусьветнай супольнасьцю. Па-першае, гэта «беспрэцэдэнтная напружанасьць у міжнародных адносінах». Паводле слоў Лукашэнкі, «нельга пазбавіцца ад адчуваньня, што ў сьвеце маячыць прывід чарговага вялікага канфлікту, калі не вайны». Па-другое, гэта глябальныя эканамічныя пагрозы (тут Лукашэнка зноў загаварыў пра «інтэграцыю інтэграцый»). Па-трэцяе, гэта пагрозы ў сацыяльнай, гуманітарнай і экалягічнай сфэрах.

«Задумваючыся над падобнымі праблемамі, нельга не прыйсьці да адной думкі. Падобна на тое, што глыбінная крыніца гэтых крызісаў і пагрозаў адна: штучны культ індывідуальных правоў і свабодаў чалавека на шкоду грамадзкім інтарэсам. Прыкрываючыся лёзунгам правоў чалавека, апраўдваюцца зьвяржэньне урадаў, разбурэньне дзяржаў і войны за рэсурсы. Насаджаюцца мэтады хаосу і анархіі. Культывуюцца драпежніцкае стаўленьне да прыроды і імкненьне да нажывы», — заявіў Лукашэнка.

Ён асобна закрануў тэму працэсаў «разбурэньня традыцыйнай сям’і», якія адбываюцца ў шэрагу краінаў.

«Асабліва не падабаецца, калі нам прапануюць прызнаць пэўныя адступленьні ад нормаў маралі і розныя сацыяльныя „навацыі“ ў якасьці натуральных. Не хачу паглыбляцца ў гэтую праблему. Баюся ўгразнуць і потым падвергнуцца залішняй крытыцы, але так і хочацца пры гэтым спытаць: дзяцей-то хто нараджаць будзе? Мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб нашы ўнукі, праўнукі і іх нашчадкі захавалі прынятыя народам маральныя каштоўнасьці, добрыя традыцыі духоўнасьці і культуры», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Падчас выступу Лукашэнка двойчы цытаваў вядомых гістарычных асобаў. Спачатку былі працытаваныя словы Эйнштэйна: «Мір нельга ўтрымаць сілай, міру можна дамагчыся толькі праз разуменьне». А ў самым канцы выступленьня Лукашэнка прывёў словы Нэльсана Мандэлы: «Часам на пакаленьне выпадае лёс стаць вялікім. Вы можаце стаць гэтым пакаленьнем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG